• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Павел Церашковіч — да 36-ай гадавіны Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

    27 ліпеня, 2026

    «27 ліпеня 1990 г. 229 дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР ухвалілі тэкст Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэта стала значным крокам у чарадзе драматычных падзей, якія абумовілі развал Савецкага Саюзу і адкрылі шлях да незалежнасці нашай краіны. 

    Створаны ў 1922 г. СССР дэманстраваў сваю нязольнасць існаваць ва ўмовах абвешчанай Міхаілам Гарбачовым “галоснасці”. То бок, без гвалту і прымусу. Канстытуцыя, якая давала саюзным рэспублікам права на выйсце з СССР, перастала быць проста прыгожай паперкай. Першымі з гэтага скарысталіся эстонцы, якія дэкларавалі свой суверэнітэт 28 лістапада 1988 г. Іх прыкладу рушылі ўслед латышы, літоўцы і азербайджанцы. Вясной 1990 г. балтыйскія народы пайшлі далей і абвясцілі аб выхадзе з СССР. 

    У Беларусі таксама былі людзі, якія разумелі, што наспявае распад савецкай імперыі. У красавіку 1990 г. прайшлі першыя, умоўна дэмакратычныя, парламенцкія выбары. Большаць на іх узялі прадстаўнікі камуністычнай “наменклатуры” – кіраўнікі заводаў і калгасаў, выхаваныя ва ўмовах амаль армейскай дысцыпліны. Разам з тым, дэпутатамі сталі лідары апазіцыі, перадусім Беларускага Народнага Фронта. Іх было не шмат, не больш за 10%. На першай сэсіі ў траўні яны прадставілі праект Дэкларацыі аб незалежнасці. Камуністычная большасць паставілася да іх як да вар’ятаў. 

    Аднак у чэрвені сітуацыя рэзка змянілася. Выклік прыйшоў адтуль, адкуль яго не чакалі: суверэнітэт абвясціла Расійская Федэрацыя. Так Барыс Ельцын спрабаваў абмежаваць ўладу Міхаіла Гарбачова. У адказ Гарбачоў задумаў “перасабраць” СССР – заключыць новы саюз, каб яго потым узначаліць. Таму ўсім рэспублікам, якія гэтага яшчэ не зрабілі, было загадана абвясціць аб сваіх суверэнітэтах. Камуністычнай большасці ў беларускім парламенце выпадала толькі ўзяць пад казырок. 

    Загад – загадам, але праца над тэкстам не ішла лёгка. Шмат каму з чырвонай большасці карцела пераўтварыць дэкларацыю ў пустую паперку, а тое і ўвогуле пусціць пад адхон і самую ідэю. Спрэчкі зацягнуліся да самога апошняга дня парламенцкай сэсіі. З’явілася рызыка, што дакумент не прымуць. Дэмакратычная апазіцыя ўжо зразумела – што б яны не прапанавалі, большасць усёроўна будзе супраць. І пад час галасавання выйшла з залы. “Ну калі так”, — вырашылі камуністы, — “галасуем “за”. 

    Што ж было напісана ў той дэкларацыі? Тое, што Беларусь абвяшчае свой поўны дзяржаўны суверэнітэт, што носьбітам яго з’яўляецца беларускі народ, што яму належаць зямля, нетры і прыродныя рэсурсы, што краіна свтарае свой нацыянальны банк і грошовую сістэму, што на яе тэрыторыі ўсталёўваецца вяршэнства беларускіх законаў і канстытуцыі, тое што Беларусь мае права на кампенсацыю стратаў нанесеных Чарнобыльскай катастрофай, што дзяржава забяспечвае функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і, што Беларусь мае на мэце стаць безядзернай і нейтральнай краінай. 

    Ці разваліўся ад гэтага СССР? Не адразу. Праз год, пасля правалу жнівеньскага путчу сталіністаў, той самы Вярхоўны савет надаў Дэкларацыі канстытуцыйны статус. Беларусь стала незалежнай. А 8 снежня 1991 г., пасля белавежскіх пагадненняў, Савецкі Саюз знік як геапалітычная рэальнасць.

    Усю гэтую гісторыю вось яшчэ чаму трэба ведаць — “акно магчымасей”, пра якое ўсё часцей разважаюць апошнімі тыднямі, можа з’явіцца ў выніку абсалютна нечаканага і дзіўнага збегу акалічнасцей. І да таго трэба быць гатовымі».  

    Апошнія навіны