• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская адукацыя і навука ва ўмовах рэпрэсіяў, мілітарызацыі і эміграцыі: асноўныя тэндэнцыі і палітычныя рэкамендацыі. Красавік–чэрвень 2026 г.

    21 ліпеня, 2026

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч падрыхтаваў Policy paper для дэмакратычных медыяў, кіраўніцтва дэмакратычных сіл, палітычных партнёраў і міжнародных донараў.

    Рэзюмэ

    У красавіку–чэрвені 2026 года адукацыя і навука ў Беларусі развіваліся ва ўмовах нарастаючага палітычнага кантролю і рэпрэсіяў. Ключавымі тэндэнцыямі сталі ціск на акадэмічную супольнасць, крыміналізацыя сувязяў з незалежнымі адукацыйнымі інстытуцыямі, мілітарызацыя школьнай адукацыі, запалохванне моладзі і пашырэнне расійскага ўплыву. Адначасова за межамі Беларусі працягвае развівацца беларуская акадэмічная прастора: ствараюцца даследчыя сеткі, праводзяцца канферэнцыі, прэзентацыі і экспертныя дыскусіі, выходзяць публікацыі пра будучыя рэформы. Робіцца выснова, што падтрымка адукацыі і навукі павінна стаць адным з цэнтральных кірункаў стратэгіі дэмакратычных сілаў, паколькі менавіта ў гэтай сферы фарміруецца чалавечы капітал, забяспечваецца ўстойлівасць грамадзянскай супольнасці і аснова для будучай трансфармацыі краіны.

    Палітычная праблема

    Адукацыя і навука ў Беларусі ўсё больш ператвараюцца ў інструменты ідэалагічнага кантролю, выхавання палітычнай лаяльнасці і геапалітычнай залежнасці ад Расіі. Рэпрэсіі супраць студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў ствараюць доўгатэрміновыя рызыкі для чалавечага капіталу краіны, мілітарызацыя школы нармалізуе аўтарытарныя практыкі сярод непаўналетніх, а замяшчэнне міжнародных стандартаў закрытымі нацыянальнымі механізмамі ацэнкі паглыбляе міжнародную ізаляцыю сістэмы. Без скаардынаванага адказу дэмакратычных актараў і міжнародных партнёраў гэтыя працэсы могуць зрабіць будучае аднаўленне адукацыйнай і навуковай сістэмы значна больш складаным і дарагім.

    Мэта і мэтавыя аўдыторыі

    Мэта дакумента — вызначыць асноўныя рызыкі для сферы беларускай адукацыі і навукі ў разглядаемы перыяд, паказаць іх палітычнае значэнне і прапанаваць практычныя крокі для дэмакратычных медыяў, кіраўніцтва дэмакратычных сіл, палітычных партнёраў і міжнародных донараў. Дакумент прызначаны для выкарыстання ў адвакацыі, распрацоўцы праграм падтрымкі, падрыхтоўцы публічных пазіцыяў і планаванні доўгатэрміновых інвестыцыяў у беларускую адукацыйную і навуковую супольнасць.

    Ключавыя высновы

    • Рэпрэсіі ў адукацыі і навуцы набываюць сістэмны характар і закранаюць не толькі асобных актывістаў, але і шырэйшае кола студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, даследчыкаў і іх сем’яў.
    • Мілітарызацыя школьнай адукацыі і дзіцячага адпачынку становіцца адным з цэнтральных элементаў дзяржаўнай палітыкі выхавання.
    • Дзяржава выкарыстоўвае адукацыйныя і прафесійныя механізмы для абмежавання мабільнасці моладзі і пакарання за сувязі з незалежнымі ці замежнымі адукацыйнымі інстытуцыямі.
    • Расійскі ўплыў у адукацыйнай палітыцы Беларусі пашыраецца праз сумесныя праграмы, сеткі ўстаноў мяккай сілы і ідэалагічныя праекты.
    • Беларуская акадэмічная супольнасць за мяжой застаецца ключавым рэсурсам для захавання экспертызы, развіцця беларусістыкі і падрыхтоўкі будучых рэформаў.

    Аналітычная частка: адукацыя і навука ў Беларусі

    Рэпрэсіі ў акадэмічным асяроддзі

    14 красавіка 2026 г. Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй. У сувязі з гэтым у чэрвені па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў. Толькі ў першай палове месяца іх колькасць дасягнула 60. Яны праводзіліся ў выпускнікоў, цяперашніх студэнтаў і іх родных. У шэрагу выпадкаў бацькам студэнтаў пагражалі крымінальным пераследам, калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ на працягу 10 дзён. Вядомы выпадак узбуджэння крымінальнай справы за аплату навучання, здзейсненую ў 2016 г. 

    Еўрапейскі саюз, Міністэрства адукацыі, навукі і спорту і Міністэрства замежных спраў Літвы, Беларускія дэмакратычныя сілы рашуча асудзілі рашэнне рэжыму Лукашэнкі. 

    У красавіку–чэрвені 2026 г. па абвінавачванні за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» былі асуджаны: Аляксей Сасноўскі, асістэнт кафедры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта; Аляксандр Пархоменка, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы №6 г. Мазыр; Данііл Брыкун, студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

    Дадатковым інструментам палітычнага ціску становіцца стварэнне дзяржаўнага рэестра рэпетытараў. Праект адпаведнай пастановы падрыхтаваны Саветам міністраў Беларусі. Яна закране ўсіх, хто працуе з дзецьмі на аснове самазанятасці. Гэта не толькі рэпетытары, якія дапамагаюць рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, але і тыя, хто праводзіць заняткі па маляванні, музыцы ці танцах. Той, хто не трапіць у рэестр, не зможа аказваць такія паслугі. У праекце падкрэсліваецца, што асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкага кірунку» незалежна ад тэрміну даўнасці пазбаўляюцца магчымасці прыватнай навучальнай дзейнасці. Гэта азначае ліквідацыю адной з нешматлікіх магчымасцяў для выжывання для тысяч рэпрэсаваных выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў.

    Мілітарызацыя адукацыі.

    25 траўня 2026 г. распачаліся вайсковыя зборы для хлопцаў, якія скончылі 10 клас. Тэрмін праходжання збораў у гэтым годзе павялічаны да двух тыдняў. Пры гэтым значная частка вучняў праходзіць зборы ў палявых лагерах на базе вайсковых частак, ва ўмовах, набліжаных да ўмоў воінскай часці ў фармаце кругласутачнага знаходжання. Праграма збораў уключае ў сябе заняткі па агнявой, тактычнай, страявой, фізічнай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы. Вядомыя прыклады, калі на ваенна-палявыя зборы былі накіраваныя не толькі хлопцы, але і дзяўчаты

    Згодна з каментарамі Міністэрства адукацыі, тыя, хто не пройдзе зборы, не будзе пераведзены ў 11 клас. Правядзенне ваенна-палявых збораў для непаўналетніх — беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі адукацыі ў Беларусі. 

    Мілітарысцкая рыторыка шырока выкарыстоўваецца для правядзення летняй кампаніі аздараўлення дзяцей. Падкрэсліваецца, што ключавым вектарам аздараўлення з’яўляецца «грамадзянска-патрыятычнае выхаванне», якое ўключае ўрачыстыя лінейкі з вынасам сцяга і выкананнем гімна, паказы тэматычных фільмаў. 

    10–16 чэрвеня 2026 г. на вайсковым палігоне «Брэсцкі» быў праведзены рэспубліканскі фінал дзіцячых гульняў «Зарнічкі», «Зарніцы» і «Арляня». Гэта мілітарысцкія практыкаванні, разлічаныя на ўсе ўзроставыя групы школьнікаў. 

    Маштаб ахопу дзяцей, у тым ліку аб’яднанне гульняў у адзіны цыкл, значна пераўзыходзіць памеры мілітарызацыі ў познім Савецкім Саюзе. 

    Запалохванне таленавітай моладзі

    У красавіку Міністэрства адукацыі Беларусі змяніла парадак фармавання, вядзення і выкарыстання банкаў звестак таленавітай моладзі. З гэтых спісаў будуць выключаныя тыя, хто атрымлівае адукацыю за мяжой без дазволу дзяржавы, мае замежныя дакументы, якія даюць права на льготы або перавагі ў сувязі з нацыянальнай прыналежнасцю (перадусім маецца на ўвазе Карта паляка), а таксама за злачынствы «экстрэмісцкай» накіраванасці.

    У чэрвені 2026 г. разгарнулася кампанія пад назвай «Пяць нагодаў сказаць «не» замежнай ВНУ». На першым месцы з іх апынулася тое, што «шэраг замежных навучальных устаноў і фондаў афіцыйна прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі, іх дыплом у Беларусі стане «воўчым білетам», а вяртанне дадому ператворыцца ў вялізную праблему». Сярод іншых узгаданы «нулявыя шанцы на добрую працу», тое, што нібыта дыпламаваныя выпускнікі гадамі працуюць афіцыянтамі, кур’ерамі, сядзелкамі, проста каб зачапіцца за ВНЖ. 

    Пашырэнне ўплыву Расіі і ідэалогіі «Рускага міру»

    Сумеснае пасяджэнне калегіяў Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства асветы Расіі адбылося 8 красавіка 2026 г. у Смаленску. Асобая ўвага надавалася пашырэнню дзейнасці Асацыяцыі каледжаў Беларусі і Расіі (сёння — 882 установы), рэалізацыі праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2026–2028 гг., арганізацыі патрыятычных мерапрыемстваў для навучэнцаў і педагогаў. Фонд «Рускі мір» — расійская структура «мяккай сілы», якая займаецца прасоўваннем рускай мовы і культуры за мяжой, абвясціла аб стварэнні спецыяльнай аўдыторыі на філфаку Гомельскага дзяржуніверсітэта.

    Абедзве падзеі ўяўляюць сабой формы ўцягвання Беларусі ў арбіту Рускага міру.

    Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі

    10-я нарада міністраў адукацыі дзяржаў — членаў Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва адбылася 16–17 чэрвеня 2026 года ў Мінску. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі профільных ведамстваў і дэлегацыі краін арганізацыі (Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан). Вядома, што падобныя нарады збольшага носяць цырыманіяльны характар. Больш актыўна супрацоўніцтва развіваецца ў двухбаковым фармаце.

    Міністр адукацыі А. Іванец правёў шэраг сустрэч з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з намеснікам Міністра адукацыі Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Ры Чхан Сікам, намеснікам міністра навукі і адукацыі Азербайджана Фірудзінам Гурбанавым, амбасадарам Кітая ў Беларусі Чжанам Вэньчуанем. Надзвычай абмежаваная інфармацыя пра сустрэчу з калегам з КНДР ускосна сведчыць пра тое, што афіцыйны Мінск не хацеў бы празмерна дэманстраваць развіццё адносінаў з гэтай краінай. Разам з тым, Кітай становіцца партнёрам нумар 1 у сферы міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі ў адукацыі і навуцы. Пра гэта сведчаць прамыя кітайскія інвестыцыі ў адукацыйныя праекты (праграмы па біятэхналогіі, ліцейных і адытыўных тэхналогіях), павелічэнне ў 3 разы колькасці кітайскіх студэнтаў у Беларусі, пашырэнне сеткі (да 6) інстытутаў Канфуцыя. 

    Скасаванне платнай медычнай адукацыі

    З новага навучальнага года ў Беларусі скасоўваецца платная адукацыя па медыцынскіх спецыяльнасцях. Гэта азначае, што ўсе будучыя выпускнікі будуць абавязаныя адпрацаваць 2 гады ў дзяржаўных установах пасля заканчэння навучання. Той, хто прымаецца на ўмовах мэтавага набору (да 45–70% студэнтаў) – яшчэ больш – 5 гадоў. Такім чынам вырашаецца праблема вострага дэфіцыту медычных супрацоўнікаў: у Рэспубліканскім банку вакансіяў на 6 красавіка паводле запыту «ўрач-спецыяліст» фігуруе 2 627 вакансіяў, паводле запыту «медыцынская сястра» — 2 312.

    Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі

    28 красавіка 2026 г. было праведзена Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі. У ім прынялі ўдзел 20 тысяч навучэнцаў, якія дасягнулі 15-гадовага ўзросту. Мэта даследавання — праверыць узровень пісьменнасці ў чытанні, матэматыцы, фінансавай і прыродазнаўчай адукаванасці. Паведамляецца, што ўсе заданні створаны выключна айчыннымі экспертамі і пабудаваны на беларускім кантэксце. Пасля 2018 г. Беларусь адмовілася ад удзелу ў аналагічным па змесце міжнародным даследаванні PISA. Мадэль сёлетняга даследавання была пазычаная ў Расіі, але не тоесная яму. Такі падыход не дазваляе параўноўваць узровень адукацыі ў міжнародным кантэксце і замацоўвае міжнародную ізаляцыю Беларусі. Першае НДЯА было праведзена ў 2023 г., але яго вынікі не трапілі ў публічную прастору. 

     

    Падзеі па-за межамі Беларусі

    Навуковыя канферэнцыі і семінары

     

    У красавіку–чэрвені былі праведзены шэраг навуковых форумаў як традыцыйных, так і прысвечаных нестандартнай тэматыцы.

    Сярод іх трэба адзначыць 11-ю штогадовую Лонданскую канферэнцыю беларускіх даследаванняў (8—9 траўня 2026). Правядзенне яе стала вынікам супольнай працы Школы славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэцкага каледжа Лондана, Цэнтра Астрагорскага і Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны. У канферэнцыі прыняло ўдзел звыш 40 даследчыкаў Беларусі з Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Бразіліі, Польшчы, Венгрыі, Канады, Аўстрыі, Чэхіі, Італіі і Чарнагорыі. Тэмы дакладаў тычыліся беларускай спадчыны Вялікага княства Літоўскага, сучасных палітычных працэсаў у Беларусі, міжнародных адносінаў, становішча беларускага грамадства, культуры, мовы, бібліятэчнай і архіўнай справы. 

     

    Больш за 40 даследчыкаў гісторыі, этналогіі, сацыялогіі, спадчыны, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства прынялі ўдзел у міждысцыплінарнай канферэнцыі «Культура ў палоне мінулага» у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (11–13 чэрвеня 2026). Яна адбылася дзякуючы падтрымцы Scholars for Belarus by Аkno e.v. Дыскусіі тычыліся ролі канонаў у беларускай культуры, гісторыі і спадчыне, неабходнасці іх пераасэнсавання і трансфармацыі.

     

    Навуковы семінар «У пошуках Віцебскай Латгаліі: пераасэнсаванне памежжа з транснацыянальнай перспектывы» быў праведзены 29 траўня 2026 г. у Рызе. Арганізатарамі яго сталі Беларускі Інстытут у Празе, Латыскі і Дагаўпілскі ўніверсітэты, Усходнееўрапейская акадэмічная сетка «Акно». Удзельнікі семінару абмеркавалі шырокае кола пытанняў, у тым ліку этна-канфесійны ландшафт рэгіёну, ідэнтычнасць лакальных груп насельніцтва, становішча рэгіянальных даследаванняў.

     

    Дыскусіі пра становішча даследаванняў Беларусі, беларускіх даследчыкаў у эміграцыі і шляхах будучых дэмакратычных рэформаў 

    Гэтая праблематыка апынулася ў цэнтры ўвагі вялікай колькасці мерапрыемстваў. У тым ліку – серыя анлайн круглых сталоў у межах праграмы Еўрапейскага Саюза EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II): «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў нямецкамоўнай прасторы» (9 красавіка 2026 г.), «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў англамоўнай прасторы: магчымасці і праблемы» (30 траўня 2026) і «Інстытуцыйная будучыня і практычныя рашэнні: магчымасць стварэння беларускага ўніверсітэта ў выгнанні» (21 красавіка 2026). 

    Блізкай па тэматыцы была канферэнцыя «Па-за межамі перамяшчэння: будучыня ўніверсітэтаў і даследчыкаў у выгнанні» (8–10 чэрвеня 2026, Вене). Арганізатарамі яе выступілі Цэнтральнае агенцтва па кіраванні праектамі (CPVA), праграма EU4Belarus і Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт. У фокусе ўвагі ўдзельнікаў апынуліся праблемы захавання акадэмічных свабод перад выклікамі аўтарытарызму, умацавання ўстойлівасці і выканання місіі ўніверсітэтаў у выгнанні, інавацыйныя мадэлі выкладання, даследаванняў і грамадзянскай актыўнасці ва ўмовах вымушанай эміграцыі. 

    Першы семінар у межах праекта «Форум Беларусь: адукацыйныя рэформы для дэмакратычнай Беларусі» адбыўся 11–14 чэрвеня 2026 г. у Крыжовай пад Уроцлавам. Арганізатарам семінара і праекта ў цэлым стала Нямецкае таварыства па даследаванні Усходняй Еўропы (DGO e. V.) у партнёрстве з Фондам для еўрапейскага паразумення «Кшыжова». Беларускія эксперты, выкладчыкі і настаўнікі, грамадзянскія актывісты, а таксама запрошаныя даследчыкі адукацыі з Польшчы, абмеркавалі шырокае кола пытанняў: шляхі дэідэалагізацыі школьнай адукацыі, кадравую палітыку і люстрацыю, акадэмічныя свабоды і аўтаномію ўніверсітэтаў, інтэрнацыяналізацыю і становішча беларускай адукацыі ў выгнанні. 

    Навуковыя публікацыі

    Абмеркаванню тэкстаў будучай манаграфіі з серыі «Галасы Беларусі» быў прысвечаны акадэмічны семінар «Паміж пераемнасцю і зменамі: пераасэнсаванне палітыкі, грамадства і ідэнтычнасці ў Беларусі» (22 траўня 2026, Стакгольм). Чакаецца, што яна будзе апублікаваная ўжо ў гэтым годзе. Арганізатарам семінару выступіў Цэнтр балтыйскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэта Сёдертёрн. На ім выступілі беларускія навукоўцы і даследчыкі Беларусі з Літвы, Польшчы, Даніі, Германіі і ЗША. Прадметам дыскусіяў стала функцыянаванне беларускай мовы ў масмедыя і ідэнтычнасці, аўтарытарнае кіраванне і штодзеннасць у Беларусі, гістарычная спадчына і мульцікультурнасць Беларусі, роля культуры ў супраціве і ў будучай трансфармацыі Беларусі. 

     

    У красавіку–чэрвені адбыліся прэзентацыі навуковых выданняў, прысвечаных беларускай тэматыцы. У тым ліку: манаграфіі «Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне ідэнтычнасці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагоддзяў» польскай даследчыцы Ганны Энгелькінг (18 чэрвеня 2026, Варшава, падчас публічнай праграмы 4-ы Беларуска-польскі экспертны форум імя Р. Скірмунта); манаграфіі «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы» (1918–1940) выкладчыка Універсітэта Вітаўта Вялікага Томаша Блашчака (15 красавіка 2026. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча). 

     

    Апроч гэтага выйшлі з друку другі том манаграфіі Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён»; манаграфія Радаслава Калеты «Мая беларусістыка. З польска-беларускіх лінгвістычных і глотадыдактычных даследаванняў», прысвечаная 70-годдзю Кафедры беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце; калектыўная манаграфія «Беларусь вачыма моладзі: даследаванні па дэкаланізацыі».

     

    Палітычныя наступствы

    Апісаныя тэндэнцыі маюць не толькі адукацыйнае, але і палітычнае значэнне. Яны ўплываюць на здольнасць беларускага грамадства захоўваць прафесійныя кампетэнцыі, крытычнае мысленне, культурную суб’ектнасць і сувязь з еўрапейскай акадэмічнай прасторай. Для дэмакратычных актараў гэта азначае неабходнасць перайсці ад рэактыўнай падтрымкі асобных выпадкаў да доўгатэрміновай палітыкі захавання і развіцця беларускай адукацыйнай і навуковай інфраструктуры. Для міжнародных партнёраў і донараў гэта патрабуе шматгадовага фінансавання, абароны ўразлівых груп і падтрымкі інстытуцыяў, здольных працаваць ужо цяпер і быць карыснымі ў будучым пераходным перыядзе.

    Заключэнне

    Падзеі красавіка—чэрвеня 2026 года сведчаць пра далейшае паглыбленне крызісных тэндэнцыяў у беларускай адукацыі і навуцы. Унутры краіны адукацыйная сістэма ўсё больш выкарыстоўваецца як інструмент ідэалагічнага кантролю, палітычнага ціску і мілітарызацыі моладзі. Рэпрэсіі супраць акадэмічнай супольнасці, абмежаванне адукацыйных магчымасцяў за мяжой, пашырэнне расійскага ўплыву і закрытасць нацыянальных даследаванняў якасці адукацыі паказваюць на звужэнне прасторы для акадэмічнай свабоды і незалежнага развіцця.

    Адначасова па-за межамі Беларусі працягвае фармавацца і ўмацоўвацца незалежная беларуская акадэмічная прастора. Канферэнцыі, семінары, даследчыя праекты і навуковыя публікацыі ў Еўропе і іншых краінах дэманструюць высокі патэнцыял беларускай інтэлектуальнай супольнасці, яе здольнасць захоўваць прафесійныя сувязі, развіваць беларусістыку і рыхтаваць аснову для будучых дэмакратычных рэформаў у адукацыі і навуцы.

    Такім чынам, разглядаемы перыяд характарызуецца выразным супрацьпастаўленнем двух працэсаў: узмацнення кантролю, ізаляцыі і залежнасці ўнутры Беларусі — і адначасовага развіцця адкрытай, міжнародна ўключанай беларускай адукацыйнай і навуковай супольнасці за яе межамі. Менавіта гэтая знешняя акадэмічная актыўнасць можа стаць важным рэсурсам для аднаўлення аўтаноміі, якасці і свабоды беларускай адукацыі ў будучыні.

    Палітычныя рэкамендацыі

    Рэкамендацыі ніжэй арыентаваныя на чатыры групы актараў, якія могуць уплываць на захаванне беларускай адукацыйнай і навуковай супольнасці, павышэнне міжнароднай увагі да рэпрэсіяў і падрыхтоўку асновы для будучых дэмакратычных рэформаў.

    Для дэмакратычных медыяў

    • Сістэмна асвятляць тэмы рэпрэсіяў у адукацыі і навуцы, мілітарызацыі школ, ціску на студэнтаў, выкладчыкаў і бацькоў, пазбягаючы фрагментарнага падавання асобных выпадкаў.
    • Тлумачыць шырокай аўдыторыі, што атакі на акадэмічную свабоду і незалежную адукацыю з’яўляюцца не толькі праблемай асобных універсітэтаў ці выкладчыкаў, але і пагрозай будучаму развіццю краіны.
    • Больш увагі надаваць станоўчым прыкладам: беларускім адукацыйным ініцыятывам за мяжой, навуковым публікацыям, даследчым сеткам і праектам у падтрымку будучых рэформаў.

    Для дэмакратычных сіл

    • Разглядаць адукацыю і навуку як адзін з прыярытэтных кірункаў дэмакратычнай палітыкі, а не як вузкапрафесійную або другасную сферу.
    • Падрыхтаваць публічную рамку будучых рэформаў: дэідэалагізацыі школы, аднаўленне акадэмічных свабод, аўтаноміі ўніверсітэтаў, празрыстай кадравай палітыцы і падтрымцы беларускай мовы ў адукацыі.
    • Каардынаваць працу з універсітэтамі ў выгнанні, даследчымі цэнтрамі, настаўніцкімі і студэнцкімі ініцыятывамі, каб назапашваць экспертызу для пераходнага перыяду.
    • Паслядоўна ўздымаць пытанні пераследу студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў і выпускнікоў і адказнасці за іх у міжнародным парадку дня, у тым ліку ў кантактах з урадамі, парламентамі і еўрапейскімі інстытуцыямі.

    Для палітычных партнёраў

    • Уключаць пытанні адукацыі, навукі і акадэмічнай свабоды ў палітычны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўласныя стратэгіі па Беларусі.
    • Захоўваць і пашыраць праграмы стыпендыяў, акадэмічнай мабільнасці, візавай і прававой падтрымкі для студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў, якія сутыкаюцца з рызыкай пераследу.
    • Прызнаваць асаблівую ўразлівасць людзей, звязаных з незалежнымі адукацыйнымі інстытуцыямі, і ўлічваць гэта пры разглядзе пытанняў легалізацыі, бяспекі і гуманітарнай абароны.
    • Падтрымліваць міжнародныя механізмы маніторынгу парушэнняў правоў у сферы адукацыі, уключаючы пераслед за навучанне, выкладанне, даследчую дзейнасць і ўдзел у акадэмічных сетках.

    Для міжнародных донараў

    • Перайсці ад кароткатэрміновай падтрымкі асобных мерапрыемстваў да шматгадовых праграм інстытуцыйнага развіцця беларускай адукацыі і навукі ў выгнанні.
    • Фінансаваць не толькі стыпендыі, але і даследчыя групы, беларускія акадэмічныя цэнтры, лічбавыя адукацыйныя платформы, архівы, перакладчыцкія праекты і сеткі ўзаемадапамогі.
    • Інвеставаць у падрыхтоўку кадраў для будучай дэмакратычнай трансфармацыі: школьнае кіраванне, універсітэцкая аўтаномія, адукацыйная палітыка, ацэнка якасці адукацыі і рэформа навуковых інстытутаў.

    Апошнія навіны