Беларус А. атрымаў міжнародную абарону ў Чэхіі пасля больш як двух гадоў чакання, адмовы Міністэрства ўнутраных справаў і судовага абскарджання. На розных этапах яму дапамагалі Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, чэшскія адвакаты, фонд BYSOL і беларуская супольнасць у Чэхіі.
Упершыню А. звярнуўся ў пражскі Офіс у жніўні 2024 года. На той момант ён ужо каля двух гадоў чакаў рашэння па заяве на міжнародную абарону. Каманда вывучыла абставіны справы, правяла асабістую кансультацыю, а таксама дапамагла з пошукам падпрацоўкі і новага жылля.
У снежні 2024 года А. атрымаў адмову ў міжнароднай абароне і паўторна звярнуўся ў Офіс. Каманда дапамагла знайсці адваката з партнёрскай юрыдычнай кампаніі BUCHTA, POKORNÝ & PARTNEŘI, якая рэгулярна дапамагае ў беларускіх справах, і каардынавала далейшую працу.
Для пакрыцця судовых выдаткаў быў адкрыты збор на платформе BYSOL. Пражскі Офіс верыфікаваў яго і дапамог распаўсюдзіць інфармацыю сярод беларускай супольнасці ў Чэхіі. У выніку судовага абскарджання А. атрымаў міжнародную абарону і дакумент тэрмінам на дзесяць гадоў.
«Хачу падзякаваць Крысціне Шыянок, усёй камандзе Офіса і ўсім людзям, якія дапамагалі мне на гэтым шляху. Падтрымка датычылася самых розных пытанняў — ад жылля і працы да простага чалавечага ўдзелу ў цяжкія часы. Асобны дзякуй за дапамогу з адвакатам, які падаў апеляцыю пасля адмовы ў міжнароднай абароне. Дзякуючы гэтай падтрымцы мне ўдалося выйграць суд, і цяпер я афіцыйна знаходжуся пад абаронай Чэхіі. Таксама дзякую фонду BYSOL за фінансавую дапамогу менавіта тады, калі яна была асабліва патрэбная», — адзначыў А.
Дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок падкрэсліла, што адмова ў міжнароднай абароне не заўсёды азначае завяршэнне працэсу:
«Мы вельмі радыя, што пасля доўгага чакання і судовага абскарджання А. атрымаў міжнародную абарону. Для нашай каманды гэта таксама важны вынік супольнай працы з адвакатамі, BYSOL і беларускай дыяспарай у Чэхіі.
Працэс атрымання міжнароднай абароны можа быць доўгім і складаным. Таму важна звяртацца па дапамогу як мага раней — пажадана яшчэ падчас падрыхтоўкі заявы. Калі чалавек ужо атрымаў адмову, у многіх выпадках рашэнне можна абскардзіць у судзе.
У нашым Офісе няма штатнага юрыста, але мы супрацоўнічаем з профільнымі арганізацыямі і чэшскімі адвакатамі, якія маюць досвед працы з беларускімі справамі. Мы дапамагаем знайсці патрэбных спецыялістаў, наладзіць камунікацыю і аб’яднаць падтрымку розных арганізацый і беларускай супольнасці».
Пражскі Офіс працягвае развіваць супрацоўніцтва з чэшскімі праваабаронцамі, адвакатамі і няўрадавымі арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам. Каманда таксама вядзе дыялог з дзяржаўнымі органамі Чэхіі, каб працэдуры для беларусаў і беларусак былі больш зразумелымі і ўлічвалі новыя формы пагроз і рэпрэсій з боку беларускага рэжыму.
Калі можна звярнуцца ў пражскі Офіс?
Напісаць на адрас czechia.office@tsikhanouskaya.org можна, калі:
— вы плануеце падавацца на міжнародную абарону, бо былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі або ўжо жывяце ў Чэхіі і даведаліся пра палітычны пераслед у Беларусі. Па магчымасці варта звярнуцца яшчэ на этапе падрыхтоўкі заявы;
— вы атрымалі адмову ў міжнароднай абароне, але вяртанне ў Беларусь можа быць для вас небяспечным;
— вы апынуліся ў крызіснай сітуацыі і сутыкнуліся з тэрміновымі праблемамі з дакументамі, легалізацыяй або бяспекай;
— вам патрэбныя парады або кантакты арганізацый па пытаннях адаптацыі, псіхалагічнай падтрымкі і вывучэння чэшскай мовы;
— вам патрэбная дапамога ў распаўсюдзе інфармацыі пра збор або ініцыятыву сярод беларускай супольнасці ў Чэхіі. Перад публікацыяй Офіс верыфікуе такую інфармацыю.
«Мы працуем для таго, каб у складаны момант беларусы і беларускі не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі. Гэты выпадак яшчэ раз паказаў, якога выніку можна дасягнуць, калі аб’яднаць прафесійную дапамогу і салідарнасць», — адзначыла Крысціна Шыянок.
