5 чэрвеня ў Лондане адбылося экспертнае мерапрыемства, прысвечанае рэформе Канстытуцыйнага суда будучай дэмакратычнай Беларусі. У дыскусіі ўзялі ўдзел беларускія і міжнародныя эксперты ў галіне канстытуцыйнага права, дыпламаты, а таксама прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаўных інстытутаў і пасольстваў краін Еўрапейскага Саюза.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікам была прадстаўлена канцэпцыя рэформы Канстытуцыйнага суда будучай Беларусі, якая прадугледжвае стварэнне незалежнага і эфектыўнага органа канстытуцыйнага кантролю, здольнага гарантаваць захаванне Канстытуцыі, абараняць дэмакратычны лад і прадухіляць канцэнтрацыю ўлады ў адных руках. Праект распрацоўваўся з удзелам беларускіх і замежных экспертаў з улікам еўрапейскіх стандартаў правасуддзя і дэмакратычнага кіравання.
Адкрываючы мерапрыемства, Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць падрыхтоўкі да дэмакратычных пераменаў ужо сёння:
«Наша задача падчас пераходу — праводзіць рэформы хутка, але і рабіць іх незваротнымі, каб дыктатура ў Беларусі ніколі не магла вярнуцца. Канцэпцыя рэформы Канстытуцыйнага суда, якая прадстаўляецца сёння, накіравана на ўмацаванне і захаванне дэмакратыі пасля палітычных змен.
Гаворка ідзе пра барацьбу з карупцыяй, аднаўленне даверу да інстытутаў і стварэнне нанова сістэмы правасуддзя, якая б служыла народу, а не ўраду. Дзякуй усім беларускім і міжнародным экспертам, якія зрабілі ўнёсак у гэтую працу па падрыхтоўцы заканадаўства для будучай дэмакратычнай Беларусі».
Святлана Ціханоўская таксама падкрэсліла, што ўсе прапанаваныя рэформы павінны адпавядаць еўрапейскім стандартам і спрыяць будучай інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. Асобна яна адзначыла значэнне незалежнага Канстытуцыйнага суда для абароны дэмакратыі, вяршэнства права і правоў грамадзян пасля палітычных змен.
Раней у Таліне адбыўся круглы стол па тэме «Рэформа Канстытуцыйнага суда ў Беларусі: досвед Эстоніі», дзе эстонскія эксперты падзяліліся сваім каштоўным досведам рэформаў Канстытуцыйнага суда.
