Сёння ў Вільнюсе завяршыўся першы дзень III Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі. Менавіта 21 траўня, у Дзень палітзняволеных у Беларусі, праграма была прысвечаная тым, хто сёння застаецца за кратамі, а таксама формам салідарнасці, якія дапамагаюць трымаць сувязь паміж палітвязнямі і знешнім светам.
У першы дзень Кангрэса, адбыліся дыскусіі пра салідарнасць з палітвязнямі, журналісцкую падтрымку, беларускую турэмную літаратуру, ролю культуры ў барацьбе за вызваленне палітвязняў. Удзел у іх узялі былыя палітзняволеныя, праваабаронцы, палітыкі, журналісты, дыпламаты і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
На адкрыцці Кангрэса выступіла Святлана Ціханоўская. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што мэта сёння — не толькі вызваліць людзей, але і зрабіць усё, каб у будучыні ў Беларусі больш ніколі не было палітвязняў.
Першы дзень Кангрэсу завяршыўся паказам фільма «Пад шэрым небам», які быў зняты па гісторыі кахання былой палітзняволенай Кацярыны Андрэевай. Таксама на пляцоўцы былі прадстаўленыя выстава артэфактаў з беларускай турмы і выстава малюнкаў палітзняволеных «Пачуцці».
Заўтра ўдзельнікі і ўдзельніцы абмяркуюць стратэгіі, міжнародны ціск, этыку дапамогі і ролю беларускай супольнасці за мяжой.
Сачыце за афіцыйнымі каналамі!
