У Вільнюсе распачаўся ІІІ Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause. Форум сабраў былых палітвязняў, родных зняволеных, праваабаронцаў, дыпламатаў, журналістаў, прадстаўнікоў ініцыятываў і міжнародных партнёраў, каб разам абмяркоўваць метады праваабарончай працы і шукаць новыя шляхі дапамогі палітвязням.
Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Кангрэсу. Яна нагадала, што вызваленне сотняў палітвязняў стала магчымым дзякуючы салідарнасці беларусаў, працы праваабаронцаў і міжнароднаму ціску.
Ціханоўская падзякавала ЗША, Еўрапейскаму Саюзу, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Украіне, Літве і Польшчы — за падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. Таксама яна выказала падзяку амерыканскім дыпламатам за лідарства ў дыпламатычным трэку па вызваленні зняволеных, праваабарончым арганізацыям «Вясна» і «Дом правоў чалавека», Міжнароднаму гуманітарнаму фонду, праграме Libereco, Freedom House, а таксама валанцёрам, юрыстам, псіхолагам і ініцыятывам, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і вызваленым беларусам.
Асобна беларуская лідарка адзначыла працу арганізатараў Кангрэсу: Крысціны Шыянок і Пражскага Офіса дэмакратычных сіл Беларусі, а таксама фонда Rosa Luxemburg Stiftung за падтрымку ў правядзенні форуму і дапамогу ў прыцягненні ўвагі да тэмы беларускіх палітвязняў.
Ціханоўская таксама нагадала пра тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі, і падкрэсліла важнасць працягваць міжнародны ціск на рэжым і падтрымку сем’яў палітвязняў. Яна адзначыла, што нават пасля вызвалення людзям патрэбныя рэабілітацыя, дапамога і салідарнасць.
Святлана Ціханоўская:
«Сам факт таго, што палітвязні пачалі выходзіць на свабоду, — нашае вялікае супольнае дасягненне. Палітзняволеныя — гэта не абстрактная лічба ў пастах у Інстаграме або допісах у Фэйсбуку. Гэта тысячы асабістых гісторый, мараў і спадзяванняў. Рэжым спрабуе іх сцерці. Нашая задача — вярнуць палітзняволеным іх гісторыі, твары і галасы».
