Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька падвёў вынікі сустрэчаў у Рыксдагу — парламенце Швецыі. Падчас візіту адбыліся перамовы з віцэ-спікеркай парламента і дэпутатамі групы «За дэмакратычную Беларусь».
Асноўная ўвага была нададзеная будучыні групы падтрымкі Беларусі пасля парламенцкіх выбараў у Швецыі. Таксама абмеркавалі стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Менавіта шведская дэлегацыя сёння актыўна прасоўвае гэтую ініцыятыву напярэдадні сесіі ў Гаазе.
Яшчэ адна тэма сустрэчаў — сітуацыя вакол арганізацыі SILC, якую беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай». У адказ шведскія палітычныя сілы выказваюць салідарнасць і гатоўнасць яшчэ больш актыўна падтрымліваць Беларусь.
Падчас візіту таксама адбылася сустрэча з беларускай дыяспарай у Швецыі. Пытанні інтэграцыі беларусаў і падтрымкі супольнасці абмяркоўваліся як з прадстаўнікамі дыяспары, так і ў парламенце.
Анатоль Лябедзька:
«Мы бачым не толькі салідарнасць, але і гатоўнасць шведскіх партнёраў пашыраць падтрымку Беларусі — як на парламенцкім узроўні, так і ў працы з беларускай супольнасцю».
