12 траўня ў Вільнюсе адбылося адкрыццё Інфармацыйнага пункту для беларусаў — супольнай ініцыятывы Літвы і Рады Еўропы. Гэта першая сталая пляцоўка Рады Еўропы для беларусаў у выгнанні, якая будзе працаваць як мінімум пяць гадоў.
Пункт стане месцам, дзе беларусы змогуць атрымліваць інфармацыю пра правы чалавека, праграмы падтрымкі, адукацыйныя і культурніцкія магчымасці, а таксама наладжваць супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытуцыямі.
Факт яго адкрыцця важны палітычны сігнал: Беларусь разглядаецца як частка еўрапейскай дэмакратычнай прасторы, нягледзячы на тое, што не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы.
Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці і падкрэсліла значэнне гэтага кроку для будучыні Беларусі:
«Я спадзяюся, што гэтае месца стане яшчэ адным цэнтрам для беларускіх ініцыятываў, пляцоўкай для навучання і крыніцай ведаў. Яно павінна быць адкрытым для кожнага беларуса і кожнай арганізацыі, якая шукае партнёрства, экспертызу і магчымасці, якія можа даць толькі Рада Еўропы.
Я хачу, каб гэтае месца стала платформай для супрацоўніцтва, дыялогу, адукацыі і салідарнасці. Спадзяюся, што яно дапаможа прыцягнуць больш увагі да Беларусі, мабілізаваць новыя рэсурсы і стварыць магчымасці для нашых таленавітых журналістаў, актывістаў, юрыстаў, праваабаронцаў, моладзі і жаночых ініцыятыў».
У адкрыцці ўдзельнічалі Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ, міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і беларускай супольнасці.
Інфармацыйны пункт размясціўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы — адной з ключавых грамадскіх і інтэлектуальных прастораў краіны.
