Святлана Ціханоўская наведала выставу «Лес чуе, а поле бачыць» вядомага беларускага музыкі і мастака Лявона Вольскага, якая праходзіць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
Экспазіцыя ўяўляе сабой серыю з дванаццаці карцін, кожная з якіх прысвечаная пэўнай беларускай прыказцы або прымаўцы. Праект спалучае візуальнае мастацтва і народную мудрасць, прапаноўваючы сучаснае асэнсаванне культурнай спадчыны Беларусі.
Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць такіх культурных ініцыятываў і падзялілася ўражаннямі:
«Выстава паказвае, як беларуская культура працягвае жыць і развівацца, дзе б ні знаходзіліся беларусы.
У працах Лявона адчуваецца і цеплыня, і лёгкі сум, і глыбокая павага да нашай культуры. Яны вельмі кранальныя і жывыя — адгукаюцца ўнутры і застаюцца ў памяці. Я лавіла сябе на тым, што хочацца доўга ўглядацца ў кожную карціну і шукаць у ёй уласныя сэнсы.
Гэта не проста ілюстрацыі да прыказак, а вельмі асабісты і шчыры дыялог з беларускай душой. І ты адчуваеш, як праз гэтыя вобразы адкрываецца нешта вельмі знаёмае і блізкае кожнаму з нас».
