• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Павел Церашковіч — з нагоды дня «яднання» народаў Беларусі і Расіі

    02 красавіка, 2026

    Некалькі гадоў таму 2 красавіка ў Беларусі было аб’яўлена «Днём яднання народаў Беларусі і Расіі». У сувязі з гэтай нагодай дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч паразважаў, ці гэта дзень «яднання», альбо «паглынання»:

    «30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка падпісаў з Барысам Ельцыным Дамову аб «Саюзе Беларусі і Расіі». Адбылося гэта ў тыя часы, калі большасць былых «саюзных» рэспублік імкнуліся збегчы як мага далей ад «старэйшага брата». Матывы Лукашэнкі ляжалі на паверхні: менш за два гады раней ён даволі лёгка дамогся прэзідэнцкага крэсла ў Беларусі — далей быў толькі Крэмль. Пачалася падрыхтоўка: інтэнсіўныя сустрэчы з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Дзеля таго і падпісалі тую дамову, а яшчэ праз год заснавалі Саюзную дзяржаву. На змену Ельцыну прыйшоў Пуцін, а Саюзная дзяржава і навастворанае свята засталіся.

    Калі тое, чаго хацеў Лукашэнка, зразумела, то чым кіраваўся Ельцын, ды яго атачэнне? Хіба не разумелі? Ды і ўвогуле — навошта Беларусь Расіі? Не трэба тлумачыць гэта адзіным толькі імперскім сіндромам. Тут ёсць і рацыянальнае тлумачэнне. Імя якому — «стратэгічная глыбіня», то бок, каб было куды бегчы. Беларусь для Расіі — прастора, якую можна кінуць. Часова ці часткова. Бо не свая ж. Сваіх яны не кідаюць. Так было і ў 1812, і ў 1915, і ў 1941.

    Сёння тая глыбіня як ніколі для Расіі патрэбная. Таму і ступень учэпістасці празмерная. Россупрацоўніцтва — федэральнае расійскае агенцтва па сувязях з суайчыннікамі мае ў Беларусі пяць так званых «Рускіх дамоў». Звычайна ў асобнай краіне яны адкрываюць іх не больш за два. Афіцыйная мэта — пашырэнне рускай мовы і культуры. Хіба ў Беларусі такія праблемы з рускай мовай, каб трымаць прадстаўніцтва ў такой колькасці? Цімафей Сяргейцаў, рускамірец, які ў 2022 г. заклікаў забіваць падчас вайны як мага болей украінцаў, прапанаваў выкарыстоўваць Россупрацоўніцтва ў якасці акупацыйнай улады ва Украіне. Можа ў гэтым і ёсць сэнс. А ёсць яшчэ сетка суполак суайчыннікаў, фонд «Рускі мір», фонд імя Гарчакова і не толькі.

    У часы Перабудовы быў папулярны такі сказ: «Галоўная небяспека вялікага сяброўства народаў СССР — быць задушаным у брацкіх абдымках». Сёння ролю абдымкаў выконвае Саюзная дзяржава. На першы погляд абы што, бо выдаткі саюзнага бюджэту на 2026 г. складаюць 6,3 млрд расійскіх рублёў — 64,7 млн еўра. Гэта прыкладна столькі ж, колькі Еўрапейскі Саюз выдаткоўвае адной толькі Літве на дапамогу пабудовы сацыяльнага жылля. Але чорт заўсёды хаваецца ў дробязях, амаль не заўважных для звычайных людзей. У нашым выпадку — гэта дарожныя карты Саюзнай дзяржавы, праз якія Расія крок за крокам пазбаўляе Беларусь суверэнітэту.
    «Ну што ж Вы ўсё пра адно толькі кепскае? Паглядзіце, колькі грошаў атрымлівае Беларусь праз танныя расійскія энерганосьбіты» — прадбачу такія заўвагі. Згодны. Сапраўды, за 30 год гэта дзясяткі мільярдаў. І гэта плата за «стратэгічную глыбіню». Але, барані Бог, калі што, то выдаткі будуць непараўнальна большымі.

    Ну і апошняе. Пра дзясяткі мільярдаў датацыяў. Трэба мець рэдкі талент, каб так бяздарна імі распарадзіцца. Па валавым унутраным прадукце на душу насельніцтва ў намінальным вызначэнні — Беларусь сярод самых бедных краінаў Еўропы. На ўзроўні Косава, Босніі і Герцагавіны, Малдовы, якія плацяць за газ і нафту па сусветных коштах».

    Апошнія навіны