Падчас афіцыйнага візіту ў Рым Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Фарнэзіна з міністрам замежных справаў Італіі Антоніа Таяні.
Ціханоўская падзякавала італьянскаму МЗС за палітычную падтрымку дэмакратычных сілаў і асабліва адзначыла працу італьянскіх дыпламатаў. Ціханоўская падзякавала за тое, што Італія сярод лідараў па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў, і на працягу многіх гадоў Італія прымала беларускіх дзяцей на рэабілітацыю.
Беларуская лідарка сказала, што ў тым ліку дзякуючы Італіі, больш за 5 гадоў беларускае пытанне застаецца на міжнародным парадку дня. Міністр Антоніа Таяні і Святлана Ціханоўская абмеркавалі супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях і згадалі запрашэнне ад міністра на сустрэчы G7 на Капры.
Ціханоўская адзначыла, што нягледзячы на шэраг вызваленняў, рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, з’яўляюцца новыя палітвязні, а рэжым працягвае гібрыдныя атакі супраць суседзяў і дапамагае Расіі ў вайне. Ціханоўская адзначыла, што ціск і санкцыі павінны працягвацца, пакуль мы не пабачым рэальных зменаў у палітыцы.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб беларусы захоўвалі магчымасць атрымліваць візы і падтрымліваць кантакты з Еўропай, а таксама, каб заставаўся доступ да гуманітарных праграмаў, у тым ліку — рэабілітацыйных.
«Міністр Таяні — наш вялікі саюзнік і сябар Беларусі. Нягледзячы на дыстанцыю паміж нашымі краінамі, Італія дэманструе сапраўднае лідарства па Беларусі — гэта праяўляецца і ў палітычнай падтрымцы, і цвёрдай пазіцыі, у колькасці выдадзеных візаў. Італія адрознівае беларусаў і рэжым, а Беларусь ад Расіі», — адзначыла Ціханоўская.
