У Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з еўракамісарам па абароне Андрусам Кубілюсам. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі бягучую ваенна-палітычную сітуацыю, гуманітарны трэк вызвалення палітвязняў, які вядзе ЗША, а таксама месца Беларусі ў будучай архітэктуры бяспекі Еўропы.
Ціханоўская прапанавала, каб Еўрасаюз глядзеў на Беларусь з улікам доўгатэрміновых стратэгічных інтарэсаў, і каб у будучай еўрапейскай стратэгіі бяспекі было месца для Беларусі.
Ціханоўская адзначыла, што Еўрасаюз і Украіна найбольш зацікаўленыя ў «дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі», бо гэта іх жыццёвы і бяспекавы інтарэс. Ад таго, якой будзе Беларусь, залежыць бяспека ўсяго рэгіёну. Нам трэба ўжо цяпер думаць, як выцягнуць Беларусь з татальнай залежнасці ад Расіі і вярнуць яе на дэмакратычны шлях развіцця.
Ціханоўская таксама распавяла пра працу дэмакратычных сілаў у сферы бяспекі, перадала Red Paper па еўрапейска-беларускай бяспецы і абмеркавала супрацоўніцтва з Украінай, у тым ліку планаваны візіт у Кіеў. Абмеркавалі таксама тэму беларускіх добраахвотнікаў і іх уклад у абарону Украіны.
Ціханоўская адзначыла, што беларусы і беларускія дэмакратычныя сілы гатовыя ўдзельнічаць у еўрапейскіх праграмах бяспекі, бо «бяспека Еўрапейскага Саюза — гэта і бяспека Беларусі».
