• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Агляд падзеяў у сферы адукацыі і навукі. Студзень 2026

    03 сакавіка, 2026

    Прадстаўляем агляд ключавых падзеяў студзеня 2026 года ў сферы адукацыі і навукі, падзелены на два блокі — падзеі ў Беларусі і падзеі па-за яе межамі. Унутры краіны — зацвярджэнне праграмы «Беларусь інтэлектуальная», стварэнне новага адукацыйнага цэнтра і ацэнка стану навуковых даследаванняў на фоне працяглых рэпрэсіяў. За мяжой — развіццё беларускай акадэмічнай інфраструктуры ў выгнанні, даследчыя ініцыятывы і грамадскія кампаніі ў падтрымку беларускай адукацыі.

    Падзеі ў Беларусі

    1. Дзяржаўная праграма «Беларусь інтэлектуальная».

    Анансаваная дзяржаўная праграма «Беларусь інтэлектуальная», якая ўяўляе сабой вызначэнне «асноўных напрамкаў дзейнасці па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў вобласці адукацыі» на 2026–2030 гг.

    Праграма была зацверджаная на УНС у снежні 2025 года ў якасці прыярытэту нумар два ў іерархіі задачаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Разам з тым, як і раней, фінансаванне гэтай сферы ажыццяўляецца па рэшткавым прынцыпе. Агульны памер фінансавання на 5 гадоў складае 6,4 млрд. рублёў (1,87 млрд. еўра). Гэта менш за 20% памеру выдаткаў на сілавы блок.
    Пад маркай арыентацыі на патрэбы рынку працы праграма прадугледжвае накіраванне не менш як 50% выпускнікоў 9-ых класаў для навучання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На самой справе такі падыход адлюстроўвае не столькі патрэбы рынку працы, колькі ўзровень тэхналагічнай адсталасці эканомікі. У краінах АЭСР доля тых, хто атрымлівае падобную адукацыю, складае каля 30%.

    Праграма ўскосна фіксуе катастрафічную кадравую сітуацыю ў сістэме вышэйшай школы. У тым ліку рэзкае змяншэнне долі выкладчыкаў з навуковымі ступенямі ў 2020–2024 гг.: з 47,3% да 40%. У абсалютных лічбах гэта азначае скарачэнне колькасці выкладчыкаў з навуковымі ступенямі прыкладна на 2700 чалавек, або 28,5%. Яно стала вынікам агульнага старэння складу выкладчыкаў, наступстваў эпідэміі КАВІДу, і, галоўным чынам палітычных рэпрэсіяў, у прыватнасці — палітычна матываваных звальненняў.

    1. Адукацыйны цэнтр па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных напрамкаў.

    26 студзеня адбылася Нарада па пытаннях стварэння адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных напрамкаў з удзелам Лукашэнкі. Яго стварэнне анансавалася на працягу апошніх гадоў у якасці «беларускага Гарварда». З абмеркавання на самой справе вынікае, што ў цэнтры будзе сканцэнтраваная падрыхтоўка спецыялістаў для працы пераважна ў сферы ваенна-прамысловага комплексу

    Прыярытэтам будзе:
    – авіябудаванне (перадусім БПЛА);
    – лічбавыя тэхналогіі;
    – робататэхніка;
    – хімічныя і біятэхналогіі. 

    Звяртае на сябе ўвагу, што цэнтр будзе арыентаваны галоўным чынам на падрыхтоўку інжынерных кадраў. Прагучала патрабаванне выканання павышаных нормаў абароны пры правядзенні эксперыментальных даследаванняў. Міністр адукацыі А.Іванец падкрэсліў у каментары, што стварэнне цэнтра будзе працягам траекторыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і профільных інжынерных класаў у сярэдніх школах. На самой справе, стварэнне цэнтра адлюстроўвае глыбінную мілітарызацыю ўсёй сістэмы адукацыі ў РБ.

    1. Ацэнка становішча навуковых даследаванняў

    22 студзеня 2026 г. адбылася цырымонія ўручэння навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара з удзелам Лукашэнкі. Падчас яе было агучана фактычнае прызнанне правалаў у навуковай сферы, у тым ліку тое, што «адсутнасць навуковых кампетэнцыяў пазбаўляе магчымасці вырабляць ключавыя кампаненты, кантраляваць крытычна важныя галіны і робіць эканоміку ўразлівай перад санкцыйным ціскам». Лукашэнка здолеў агучыць падрыхтаваныя спічрайтэрамі тэзы пра тое, што «навука павінна быць драйверам эканомікі», пра значэнне «эканомікі ведаў», але галоўнае бачанне перспектыў развіцця навуковай сферы не змянілася: навука павінна «даваць практычны, відавочны вынік». Чарговы раз прагучалі абвінавачванні: «У Беларусі на навуку накіроўваюцца значныя сродкі, аднак аддача па-ранейшаму далёкая ад рэальных патрэбаў краіны». На самой справе дзяржаўныя выдаткі на навуковыя даследаванні мізэрныя (каля 125 млн. долараў у год). Менавіта гэта, а таксама неспрыяльныя сацыяльныя і менеджарскія ўмовы стрымліваюць развіццё беларускай навукі.

    1. Палітычныя рэпрэсіі ў акадэмічным і навуковым асяроддзі.

    Не менш як 20 прадстаўнікоў супольнасці настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў і экспертаў працягваюць адбываць розныя тэрміны абмежавання волі.


    Падзеі па-за межамі Беларусі.

    1. Універсітэт імя А. Валовіча.

    Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча, зарэгістраваны ў якасці грамадскага аб’яднання ў мінулым годзе ў Польшчы, істотна ўзмацніў сваю прысутнасць у грамадскай прасторы. Сябры ініцыятывы прачыталі серыю публічных афлайн лекцыяў у гарадах Польшчы і Літвы (Варшава, Беласток, Кракаў, Вроцлаў, Вільня і г. д.). Тым самым быў зроблены істотны ўнёсак у фарміраванне акадэмічнай інфраструктуры Беларусі ў выгнанні.

    1. Прэзентацыя даследавання беларускіх сацыёлагаў.

    Круглы стол «Нябачныя людзі: як семʼі беларускіх мігрантаў акультуруюцца ў Літве і якія палітычныя ўрокі можна вынесці з іх жыццёвых гісторыяў» адбыўся 29 студзеня 2026 г. у Інстытуце сацыялогіі пры Літоўскім цэнтры сацыяльных навук у Вільні. На ім была зробленая прэзентацыя грунтоўнага даследавання, праведзенага групай беларускіх сацыёлагаў пры дапамозе гранта па праграме EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training).

    1. Дайджэст замежных публікацыяў па беларусістыцы.

    На створанай у 2025 г. Сетцы для міждысцыплінарнага вывучэння Беларусі H-Belarus размешчаны Дайджэст публікацыяў за 2025 год у галіне беларусістыкі ў замежжы. У Дайджэст уключана 40 адзінак, у тым ліку 4 манаграфіі, 23 артыкулы ў часопісах, 3 часткі ў манаграфіях, 10 іншых публікацыяў. Аўтарамі іх сталі як беларускія, так і замежныя даследчыкі, ангажаваныя ў праблемы вывучэння навуковых пытанняў, звязаных з Беларуссю.

    1. Грамадская кампанія ў падтрымку Гімназіі імя Ф. Скарыны ў Вільні.

    У студзені 2026 г. у Вільні адбылася грамадзянская кампанія ў падтрымку навучання на беларускай мове. Нагодай для грамадзянскай мабілізацыі стала падрыхтоўка рашэння гарадской Рады Вільні, згодна з якой дзеці мігрантаў, якія пачынаюць навучанне ў пачатковай школе павінны праходзіць яго выключна ў навучальных установах з літоўскай мовай выкладання. Беларуская грамадскасць убачыла ў такім падыходзе пагрозу для захавання дзейнасці Гімназіі імя Ф. Скарыны ў Вільні. Скаардынаваныя дзеянні Асацыяцыі беларускіх бацькоў, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай прывялі да прыняцця асобнага рашэння па Гімназіі, якое дазваляе набіраць у пачатковыя класы з беларускай мовай навучання дзетак мігрантаў.

    1. Новы старшыня Сената Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта.

    19 студзеня 2026 г. Сенат ЕГУ абраў сваім старшынём прафесара доктара Джэфры Тайлара (Professor Dr. Jeffrey Taylor). Доктар Тайлар — вядомы спецыяліст у галіне міжнароднага антыкварнага і мастацкага рынку.

    Агляд падрыхтаваны дарадцам Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Паўлам Церашковічам.
    Кантакт: education@tsikhanouskaya.org 

    Апошнія навіны