Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка Тараса Шаўчэнкі ў Варшаве з нагоды чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. На цырымоніі таксама прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, Павел Баркоўскі, Валерый Мацкевіч, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.
Святлана Ціханоўская:
«Па-першае, я хачу сказаць украінцам вялікі дзякуй за тое, што яны бароняць не толькі Украіну, бароняць не толькі Беларусь, яны бароняць усю Еўропу. Сваёй самаахвярнасцю і адданасцю сваёй краіне яны паказваюць прыклад дэмакратычным краінам, наколькі важна захоўваць незалежнасць і супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Яны, нарэшце, паказалі ўсяму свету, што такое «рускі свет», «русский мир».
І я хацела б звярнуцца да беларусаў, якія ўсе гэтыя чатыры гады стаяць на баку Украіны. Гэта нашыя ваяры з палка Каліноўскага і іншых падраздзяленняў. Гэта нашыя беларускія валанцёры, якія дапамагаюць мірным жыхарам, якія стварылі Пункт нязломнасці ў Кіеве. Яны сапраўдныя амбасадары Беларусі ва Украіне цяпер. Вядома, я хачу падзякаваць усёй беларускай дыяспары, якая гэтыя чатыры гады дапамагае і ўкраінскай арміі, і нашым ваярам ва Украіне.
Мы, беларусы і ўкраінцы, бачым нашую будучыню разам у Еўропе. Я вельмі ўдзячная прэзідэнту Зяленскаму, што ён таксама бачыць гэтую будучыню. Як ён казаў: «Усходняя мяжа Еўропы пралягае па ўсходняй мяжы Беларусі».
