Падчас візіту ў шэлтар беларуская лідарка сустрэлася з яго заснавальніцай, былой палітзняволенай і сузаснавальніцай фонду «Прытуляй мяне» Ганнай Федаронак, азнаёмілася з прасторай і ўмовамі шэлтара, а таксама паразмаўляла з яго жыхарамі.
На сустрэчы абмеркавалі, у чым шэлтар мае найбольшую патрэбу і як можна дапамагчы яму працаваць далей. Былыя палітвязні падзяліліся сваімі гісторыямі і распавялі пра ўмовы, у якіх ім давялося знаходзіцца за кратамі.
Каманда Святланы Ціханоўскай перадала ў шэлтар неабходныя бытавыя рэчы.
Беларускі шэлтар у Варшаве — гэта часовая бяспечная прастора для людзей, якія выйшлі з турмаў і вымушаныя пачынаць жыццё наноў. Тут яны могуць атрымаць жыллё на два месяцы, неабходныя рэчы і базавую прадуктовую дапамогу.
Святлана Ціханоўская:
«Вельмі важна, каб людзі, якія прайшлі праз турмы, не заставаліся адны, апынуўшыся на волі. Бо пасля зняволення ім патрэбная не толькі бяспека, але і чалавечая падтрымка, разуменне, час і прастора, каб аднавіць сілы і пачаць новы этап жыцця. Дзякуй усім, хто стварае і падтрымлівае шэлтар. Ваша праца дае надзею і дапамагае людзям адчуць, што яны не адны на шляху аднаўлення».
