Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у штогадовай сустрэчы Сусветнага эканамічнага форуму (WEF) у Давосе, якая адбылася з 19 па 22 студзеня 2026 года. Падчас форуму яна правяла шэраг сустрэчаў і дыскусіяў з вядучымі палітычнымі лідарамі, прадстаўнікамі бізнесу і грамадзянскай супольнасці, прысвечаных глабальнай бяспецы, устойлівасці дэмакратыі і ролі Беларусі ў зменлівым геапалітычным ландшафце.
20 студзеня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у афіцыйнай урачыстай вячэры адкрыцця WEF, якая сабрала кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, міністраў замежных справаў, а таксама кіраўнікоў найбуйнейшых міжнародных карпарацыяў.
21 студзеня Святлана Ціханоўская выступіла ў якасці панэлісткі на афіцыйным брыфінгу WEF «Ці здольная Расія ўтрымліваць эканоміку ваеннага часу?» Падчас дыскусіі абмяркоўваліся ўстойлівасць расійскай эканомікі ва ўмовах санкцыяў, а таксама наступствы для вайны супраць Украіны, бяспекі Еўропы і глабальнай стабільнасці. Беларуская лідарка падзялілася сваім бачаннем ролі санкцыяў і будучыні Беларусі.
22 студзеня Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у яшчэ адной панэльнай дыскусіі афіцыйнай праграмы WEF — «Ці знаходзіцца дэмакратыя пад пагрозай?» У дыскусіі ўдзельнічалі высокапастаўленыя прадстаўнікі ўрадаў і эксперты, у тым ліку міністр юстыцыі Сінгапура, міністр замежных справаў Балівіі, а таксама палітычная тэарэтыкіня Элен Ландэмор. Святлана Ціханоўская прадставіла сваё бачанне таго, як умацоўваць дэмакратыю як у дэмакратычных краінах, так і ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў.
У той жа дзень Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у двух закрытых круглых сталах WEF з удзелам прэзідэнтаў, кіраўнікоў урадаў і лідараў сусветнага бізнесу. Ранішні круглы стол «Новая эпоха геапалітычнай нявызначанасці» быў прысвечаны кіраванню ростам геапалітычнай канкурэнцыі і пошуку шляхоў да стабільнасці. Пазней яна далучылася да круглага стала «Новая геапалітычная стратэгія Еўропы», дзе абмяркоўваліся стратэгічныя прыярытэты Еўропы, партнёрствы і доўгатэрміновая бяспека.
На палях форуму Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з прэзідэнткай Генеральнай асамблеі ААН, прэзідэнтам Арменіі, прэм’ер-міністрам Малдовы, прэм’ер-міністрам Чэхіі, віцэ-канцлерам Германіі, а таксама з міністрамі замежных справаў Румыніі, Нарвегіі, Сінгапура, Іспаніі, Канады і іншых краінаў.
Святлана Ціханоўская таксама ўзяла ўдзел у высокаўзроўневых мерапрыемствах, прысвечаных жаночаму лідарству, у тым ліку ў падзеі «Her Power», арганізаванай часопісам Foreign Policy. Яна выступіла на мерапрыемстве «Faith in Action: Leading the Spirit of Dialogue» з удзелам прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў і духоўных лідараў. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце, арганізаваным міжурадавай арганізацыяй Community of Democracies, дзе абмяркоўваўся стан дэмакратыі, а таксама сітуацыя ў Беларусі і Украіне.
Падчас усяго Сусветнага эканамічнага форуму Святлана Ціханоўская паслядоўна адстойвала неабходнасць захавання міжнароднай увагі да Беларусі, вызвалення палітычных зняволеных і моцнай міжнароднай падтрымкі беларускага народа ў яго змаганні за свабоду, суверэнітэт і дэмакратычныя змены.
У Давосе яна дала інтэрв’ю шэрагу міжнародных СМІ, у тым ліку Reuters, The Washington Post, Bloomberg, La Stampa, La Repubblica, Sky TG24 Italia, LBC Radio, Nikkei і інш.
