Падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе Святлана Ціханоўская падзякавала Amnesty International за кампаніі ў падтрымку вызвалення Марыі Калеснікавай і іншых палітвязняў, а таксама адзначыла, што дзякуючы працы арганізацыі ўсе гэтыя гады ўдавалася трымаць тэму беларускіх палітвязняў у міжнародным парадку дня.
Святлана Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў, адзначыла ролю ЗША і падкрэсліла неабходнасць працягваць барацьбу за вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў. Суразмоўцы абмеркавалі новую кампанію ў падтрымку палітвязняў, а таксама магчымасць супольных мерапрыемстваў з удзелам вызваленых — каб яны маглі распавядаць свае гісторыі і прыцягваць увагу да праблемы рэпрэсіяў і палітычных зняволеных.
Асобна абмеркавалі кампанію супраць транснацыянальных рэпрэсіяў: праблемы беларусаў у выгнанні, у тым ліку пераслед праз Інтэрпол, а таксама цяжкасці з дакументамі і пашпартамі. Святлана Ціханоўская выказала спадзяванне на падтрымку Amnesty International у адвакацыі гэтага пытання. У прыватнасці — у спыненні практыкі, калі аўтарытарныя рэжымы пераследуюць беларусаў у трэціх краінах, карыстаючыся міжурадавымі пагадненнямі, каб беларусы маглі адчуваць сябе ў бяспецы незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца.
Бакі дамовіліся пра правядзенне шэрагу супольных мерапрыемстваў, камунікацыйных кампаніяў з удзелам праваабаронцаў, а таксама пра арганізацыю візітаў вызваленых палітвязняў у розныя краіны з мэтай адвакацыі.
Святлана Ціханоўская: «Дзякуй Amnesty International за кампаніі ў падтрымку палітвязняў, у прыватнасці за салідарнасць з Марыяй і маім мужам Сяргеем. Але цяпер мы павінны змагацца за вызваленне ўсіх астатніх і за спыненне адвольных арыштаў і рэпрэсіяў. Гэта наш прыярытэт».
