Падчас візіту ў Мадрыд дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных справаў Іспаніі Дыега Марцінасам Беліа.
У ходзе сустрэчы бакі вызначылі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, закранулі актуальныя міжнародныя і гуманітарныя пытанні, сітуацыю з палітычнымі зняволенымі і санкцыйную палітыку Еўрапейскага Саюза і Іспаніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Асобнай тэмай сустрэчы стала пытанне адкрыцця Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе, якая можа стаць важным цэнтрам каардынацыі дзейнасці беларускага прадстаўніцтва і падтрымкі беларусаў у Іспаніі.
Дзяніс Кучынскі перадаў дзяржаўнаму сакратару дакумент з апісаннем існуючых праблемаў і магчымых шляхоў іх вырашэння, які быў падрыхтаваны на аснове прапановаў беларусаў Іспаніі. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзеная пытанням прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў для тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь для іх абнаўлення, а таксама распрацоўцы нацыянальных рэкамендацыяў для іспанскіх органаў пры разглядзе працэдураў легалізацыі.
Дзяржаўны сакратар пацвердзіў, што разумее складанасць узнятых пытанняў і надае ім асабістую ўвагу. Ён выказаў гатоўнасць падтрымаць іх вырашэнне і накіраваць адпаведныя звароты з мэтай падтрымкі беларусаў у Іспаніі.
Дзяніс Кучынскі:
«Я адмыслова прыляцеў у Мадрыд, каб правесці сустрэчу на высокім узроўні з першым намеснікам Міністра замежных справаў Іспаніі. Нашая размова доўжылася амаль тры гадзіны — і гэта паказвае, наколькі сур’ёзна іспанскі бок ставіцца да супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, а таксама да праблемаў беларусаў. Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспаніі. Дыега Марцінас запэўніў, што Міністэрства замежных справаў і надалей будзе дапамагаць у прасоўванні і вырашэнні гэтых пытанняў разам з іншымі дзяржаўнымі органамі».
У парламенце Іспаніі Дзяніс Кучынскі і будучая кіраўніца місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе Таццянна Марыніч сустрэліся з дэпутатамі кангрэсу, каб абмеркаваць магчымыя шляхі далейшага супрацоўніцтва і падтрымкі беларускай супольнасці. Акрамя падтрымкі беларускай дыяспары ў Іспаніі, адным з фокусаў будучай працы Місіі будзе гуманітарная дапамога для рэабілітацыі былых беларускіх палітвязняў недалёка ад Алікантэ сумесна з Імагуру, фондам «Краіна для жыцця», Міжнародным гуманітарным фондам і іншымі арганізацыямі. Іспанія ўжо выдаткавала 50 тысячаў еўра ў Міжнародны гуманітарны фонд. На сустрэчы з віце-міністрам Дыега Марцінасам Беліа Дзяніс Кучынскі размаўляў у тым ліку пра працяг гэтай падтрымкі.
Асобная падзяка выказваецца ўсім арганізацыям і асобам за дапамогу ў зборы і перадачы важнай інфармацыі.
