Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Італіі, дзе сёння, 9 снежня, прайшло адкрыццё шэлтару для беларускіх палітычных уцекачоў і іх сем’яў, дзе ўжо жывуць рэпрэсаваныя і былы добраахвотнік палка Каліноўскага.
Таксама адкрыўся Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Італіі. Кіраўніцай будзе Юлія Юхно — прадстаўніца Народных амбасадаў і «Talaka».
Адкрыццё шэлтару і Цэнтра стала магчымым дзякуючы папярэднім візітам Святланы Ціханоўскай у Італію, працы Юліі Юхно і беларускай дыяспары.
Акрамя беларусаў на адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі гарадской і абласной адміністрацыі, прафсаюзаў і палітычных партый: віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Піна Пічэрна, сенатар і былы амбасадар Марка Ламбардзі, старшыня гарадской рады Сэста-Ф’ярэнціна Серэна Сассоніні, старшыня Рэгіянальнай рады Тасканы Стэфанія Сакардзі і іншыя.
Святлана Ціханоўская звярнулася з цёплымі словамі да прысутных і падсвяціла няспынную працу беларусаў Італіі:
«Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Фларэнцыі — нашая першая пляцоўка ў Італіі, але, спадзяюся, не апошняя.
Я вельмі ўдзячная Юліі Юхно, яе камандзе і валанцёрам: іх намаганні і ўпартасць зрабілі ўсё гэта магчымым. Цэнтр будзе праводзіць культурніцкія, адукацыйныя і палітычныя мерапрыемствы, звязаныя з Беларуссю.
З падтрымкай нашых італьянскіх партнёраў вы, мае дарагія, робіце неверагодна шмат. Вы ладзілі выставы, прысвечаныя беларускім палітвязням. Вы ладзілі выставы беларускіх мастакоў, канцэрты, палітычныя дыскусіі і семінары. Вы арганізоўвалі для дзяцей палітвязняў і іх сем’яў рэабілітацыю і летні адпачынак.
Я спадзяюся, што ўсе гэтыя мерапрыемствы будуць працягвацца, а італьянцы даведаюцца больш пра беларусаў дзякуючы гэтаму Цэнтру. І што супрацоўніцтва паміж беларускай дыяспарай, мясцовымі ўладамі і арганізацыямі паглыбіцца».
