Упершыню пасля змянення фінскага заканадаўства дзіцяці быў выдадзены дазвол на жыхарства на падставе праязнога дакумента замежніка. Раней атрымаць або працягнуць дазвол на жыхарства без сапраўднага беларускага пашпарта было немагчыма.
Дзякуючы працы дэмакратычных сілаў, Офіса Святланы Ціханоўскай і Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне, якая сістэмна займалася гэтым пытаннем, у закон былі ўнесены неабходныя змены. Цяпер ён прадугледжвае, што патрабаванне аб праязных дакументах можа быць адменена ў асобных выпадках — калі існуе значная прычына або калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзіцяці.
Дзяніс Кучынскі, дарадца па пытаннях дыпламатыі Святланы Ціханоўскай:
«Хачу выказаць шчырую падзяку нашым фінскім партнёрам, Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне і ўсёй беларускай дыяспары ў Фінляндыі, якія прыклалі шмат намаганняў, каб гэта стала магчымым.
Гэта важны крок, які дае беларускім дзецям магчымасць жыць у бяспецы нават у выпадках, калі яны не могуць атрымаць патрэбныя дакументы.
Такія пытанні рэдка вырашаюцца хутка — яны патрабуюць цярплівасці і дакладнай аргументацыі. Але мы і надалей будзем рабіць усё, каб абараняць інтарэсы беларусаў і беларусак за мяжой. Гэта наш абавязак — дапамагаць тым, хто вымушана пакінуў дом дзеля сваёй бяспекі і бяспекі сваёй сям’і».
