11 верасня ў Вільні адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з амбасадарамі і спецыяльнымі пасланнікамі паўночных і балтыйскіх краін (NB8). Сустрэча прайшла па ініцыятыве амбасады Фінляндыі.
У сустрэчы ўдзельнічалі:
- Яана Тэкенберг, Фінляндыя
- Грэтэ Сіласэн, Данія
- Патрык Свэнсан, Швецыя
- Харальд Аспелунд, Ісландыя
- Гунта Пасторе, Латвія
- Аста Андрыяўскене, Літва
- Кармен Лаўс, Эстонія
- Эла Віртанэн, амбасада Фінляндыі
- Крысцін Фэрм, Швецыя, Desk Officer for Belarus
Ціханоўская прывітала дыпламатаў і падзякавала за прынцыповую пазіцыю і паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
- Палітвязні і падтрымка пасля вызвалення: Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы і праваабаронцы ўжо маюць інфраструктуру для прыёму людзей пасля вызвалення (прытулак, юрыдычная дапамога, валанцёрскія сеткі), але не хапае рэсурсаў для жылля, харчавання і тэрміновай медычнай дапамогі. Таму неабходная падтрымка міжнароднай супольнасці, у тым ліку праз Міжнародны гуманітарны фонд.
- Рэпрэсіі працягваюцца: нягледзячы на вызваленні, толькі за апошнія тыдні з’явілася больш за 30 новых палітвязняў. «Мы павінны вітаць вызваленні, але не спыняць ціск, пакуль у Беларусі не адбудуцца сістэмныя змены», — адзначыла Ціханоўская.
- Санкцыйная палітыка і бяспека рэгіёну: абмеркавалі вучэнні «Захад-2025», пагрозу гібрыдных атак з тэрыторыі Беларусі (дронавыя інцыдэнты, міграцыйны крызіс, кібератакі). Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларускае грамадства выступае супраць вайны і што дэмакратычная Беларусь стане надзейнай часткай еўрапейскай сістэмы бяспекі.
- Падтрымка незалежных СМІ, культурніцкіх і грамадскіх ініцыятываў: асаблівая ўвага была нададзеная праграмам паўночных краінаў і магчымасцям удзелу беларускіх арганізацыяў у еўрапейскіх праграмах.
- Адказнасць рэжыму: Ціханоўская адзначыла намаганні Літвы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да міжнароднай адказнасці і заклікала ўсе паўночныя краіны далучыцца да гэтых ініцыятываў.