Мы працягваем падсумоўваць тое, што зроблена дэмакратычнымі сіламі для беларусаў і беларусак з 2020 года. Сёння звернем увагу на асноўныя дасягненні ў працы з моладдзю і на яе карысць. Пра дэталі распавядае Маргарыта Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы
З 2023 года мы сталі сістэмна фармаваць моладзевую палітыку ў межах дэмакратычнага прадстаўніцтва. Упершыню голас беларускай моладзі пачаў гучаць ад дэмакратычных сілаў у структурах Еўрапейскага саюза, Рады Еўропы і ААН. Упершыню з’явіўся палітычны мандат, каб рэальна ўплываць на стан маладых людзей у краіне і ў выгнанні. І ўпершыню мы зрабілі гэта разам з нашай моладдзю.
Уся гэтая праца стала магчымай дзякуючы даверу маладых людзей і супрацоўніцтву з дзясяткамі арганізацыяў і ініцыятываў. Мы слухалі. Мы аб’ядноўвалі. Мы дзейнічалі. І вось вынікі, якія варта ўзгадаць:
- Абарона правоў маладых людзей
Мы распрацавалі і падалі звыш 40 аналітычных матэрыялаў і зваротаў у міжнародныя структуры — у Раду Еўропы, Еўрапейскую камісію, ААН, дзяржавы-чальцы ЕС. Мы сабралі і апісалі звыш 200 індывідуальных кейсаў маладых людзей, якія сутыкнуліся з пераследам. Прапановы былі ўключаныя ў 12 палітык ЕС, у стандарты моладзевай палітыкі — ад удзелу ў прыняцці рашэнняў да аховы здароўя і палітыкі ў галіне штучнага інтэлекту.
- Спрашчэнне працэдураў для паступлення
Сумесна з маладымі студэнтамі, прадстаўніцтвам Каардынацыйнай Рады, Кабінетам і Офісам Ціханоўскай мы дамагаліся заканадаўчых зменаў. Ад аналізу праблемаў — да сустрэчаў з Міністэрствамі па адукацыі ці моладзі. Гэта — вынік супольнай працы, дзе студэнты, эксперты з Каардынацыйнай Рады, палітычныя прадстаўнікі і аналітыкі выступілі адной камандай.
- Доступ да ведаў і магчымасцяў
Мы распрацавалі і выдалі дзясяткі гайдаў і інструкцыяў — па легалізацыі, паступленні, стыпендыях, працы і інстытутах падтрымкі. Больш за 1000 маладых людзей далучыліся да адукацыйных магчымасцяў, атрымалі кансультацыі, падаліся на стыпендыі ЕС. Больш за 3000 студэнтаў атрымалі стыпендыі ў еўрапейскіх універсітэтах. Мы суправаджалі нашых хлопцаў і дзяўчат у складаных выпадках і дапамагалі там, дзе не хапала інфармацыі або юрыдычнай вызначанасці.
- Стварэнне платформы «Гэта Моладзь»
Мы сабралі ўсе рэсурсы ў адным месцы — на платформе thisisyouth.info, дзе моладзь можа атрымаць гайд, задаць пытанне, знайсці аднадумцаў. За паўгода працы:
— 48 000 унікальных праглядаў;
— 250 000 агульных праглядаў;
— 100+ старонак кантэнту;
— 200+ індывідуальных зваротаў.
Платформа стала часткай надзейнай інфраструктуры дапамогі.
- Падтрымка моладзі ў выгнанні
Мы сістэматызавалі адказы на самыя частыя патрэбы моладзі ў эміграцыі:
— як навучацца;
— як працаўладкавацца;
— як атрымаць дакументы;
— як жыць далей.
Інфармацыя, кансультацыі, шаблоны, кантакты з экспертамі і арганізацыямі — у цэнтры гэтага стаіць рэальны досвед маладых людзей.
- Узмацненне моладзевых арганізацыяў
Мы давалі кансультацыі, забяспечвалі ментарынг, злучалі з міжнароднымі партнёрамі. Лабіявалі вызначэнне моладзевага сектара як прыярытэтнага ў донарскіх праграмах.
- Партнёрствы з міжнароднымі арганізацыямі
Наладзілі супрацоўніцтва з нацыянальнымі моладзевымі радамі ЕС, Еўрапейскай камісіяй і інш. Удзельнічалі ў стварэнні агульных дакументаў, прапановаў, фокус-групаў, кансультацыяў па моладзевай палітыцы Беларусі. Перадалі запыты беларускіх арганізацыяў у рабочыя групы на ўзроўні ЕЗ і Рады Еўропы. Прасоўвалі ўдзел моладзі на ўсіх гэтых платформах.
- Удзел і самаарганізацыя
Мы падтрымалі стварэнне моладзевых тэматычных групаў і рад. Арганізавалі Форумы па правах моладзі, дзе моладзь не «прысутнічала», а вызначала парадак дня. Гэта стала першым крокам да ўключэння маладога пакалення ў дэмакратычную палітыку — не сімвалічна, а па-сапраўднаму.
- Бачанне на будучыню
Мы не спыняемся. Мы працягваем будаваць:
— супольнасць;
— сістэму ўдзелу;
— інфраструктуру падтрымкі;
— і парадак дня, у якім моладзь з’яўляецца не «бенефіцыярам», а паўнавартасным суб’ектам дэмакратыі.
Мы працягваем працаваць штодня. Каб моладзь Беларусі не засталася адна. Каб дэмакратыя пачыналася не зверху — а з тых, хто будзе жыць у ёй заўтра.