У Хельсінкі Святлана Ціханоўская сустрэлася з Таняй Фаён, міністаркай замежных справаў Славеніі, якая ў снежні гэтага года будзе старшыняваць у Радзе бяспекі ААН. Славенія заняла месца ў Радзе бяспекі замест Беларусі: за яе кандыдатуру прагаласавалі 153 краіны, у той час як Беларусь атрымала толькі 38 галасоў.
Ціханоўская прапанавала арганізаваць спецыяльныя слуханні ў Радзе бяспекі ААН у фармаце Арыя па сітуацыі з беларускімі палітвязнямі і рэгіянальнай бяспекай вакол Беларусі.
Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з беларусамі, што жывуць у Славеніі. Ціханоўская падзякавала за рашэнні Славеніі, якія палегчылі знаходжанне беларусаў у краіне, але адзначыла, што застаюцца праблемы, напрыклад, з адкрыццём банкаўскіх рахункаў. Бакі абмеркавалі і магчымасць павелічэння колькасці славенскіх візаў для беларусаў.
Міністарка замежных справаў запрасіла Святлану Ціханоўскую прыняць удзел у міжнародным форуме па бяспецы ў Бледзе, які пройдзе сёлета.
«Славенія з самага пачатку цвёрда падтрымлівае беларусаў і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай арэне. І мы адчуваем гэтую падтрымку з боку ўсіх палітычных сілаў краіны. Славенія — добры прыклад таго, як можна вырашаць праблемы беларусаў на палітычным узроўні. Беларуская супольнасць у Славеніі вельмі ўдзячная за гэтую салідарнасць», — адзначыла Ціханоўская.