Сёння Святлана Ціханоўская далучылася да штотыднёвага, ужо 148-га мітынгу ў падтрымку Украіны. Лідарка выступіла перад удзельнікамі з прамовай, у якой выказала падтрымку Украіне і заклікала да адзінства і супольнага супрацьстаяння агрэсару.
На што звярнула асаблівую ўвагу Ціханоўская?
Пра супраціў і жах вайны
«Кожны дзень і кожная ноч — гэта новы варварскі ўдар па мірным насельніцтве, па цывільнай інфраструктуры. Гэта новыя ахвяры. Скалечаныя жыцці. Раздзеленыя сем’і. Сёння Украіна і ўкраінцы змагаюцца не толькі за сябе — яны змагаюцца за ўсіх нас, за мірную Еўропу, за ўвесь цывілізаваны свет. І нашая з вамі задача — зрабіць усё, каб Украіна не проста выстаяла, а перамагла!»
Пра дыктатараў і мову сілы
«Давайце не спадзявацца на літасць дыктатараў. Ні Пуціну, ні Лукашэнку не патрэбны мір — яны хочуць вайны. Гэта тое, што ўмацоўвае іх рэжымы, апраўдвае рэпрэсіі. Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І мы павінны гэтую сілу дэманстраваць. Мы павінны дэманстраваць рашучасць, салідарнасць і адзінства».
Пра супольную будучыню
«У нас супольны вораг — імперская Расія, і мы павінны гэтаму ворагу супрацьстаяць. Разам. Рэжыму не ўдасца нас раз’яднаць і пасварыць. У нас доўгая супольная гісторыя барацьбы за свабоду. А самае важнае — у нашых народаў супольная будучыня. У свабоднай і мірнай дэмакратычнай Еўропе. Мы да гэтай будучыні ідзём, і за яе змагаемся».