Паважаны Кангрэс,
Расія ператварае маю краіну, Беларусь, у ваенны фарпост. Размяшчае ядзерную зброю. Мілітарызуе прамысловасць. Масавыя вучэнні — «Захад» — чакаюцца гэтай восенню. У мінулы раз пасля такіх вучэнняў пачалося поўнамаштабнае ўварванне. Тысячы расійскіх вайскоўцаў зноў сабяруцца каля межаў з Літвой і Польшчай.
Але пра Беларусь амаль не згадваюць у мірных перамовах.
Гэтыя перамовы вызначаць будучыню не толькі Украіны. Гаворка ідзе пра ўвесь еўрапейскі рэгіён — уключна з Беларуссю, Малдовай, Грузіяй і Арменіяй.
Для Пуціна мы — нібыта непаслухмяныя дзеці, якіх трэба пакараць і вярнуць «да дому». Але мы — суверэнныя еўрапейскія нацыі. І мы маем права самі вызначаць сваю будучыню.
Мы стаміліся ад расійскага імперыялізму і дамінавання.
Мы не павінны дазволіць Пуціну зноў падзяліць Еўропу. Ніякіх «зонаў уплыву». Ніякіх новых «Ялтаў». Мы не прымем пагадненняў, прынятых за нашымі спінамі.
Усе мы хочам міру. Але мір не павінен быць часовым вырашэннем. Ён павінен быць справядлівым і доўгатэрміновым. І ён немагчымы без вольнай і дэмакратычнай Беларусі.
Як слушна сказаў прэзідэнт Зяленскі: усходняя мяжа Беларусі — гэта таксама ўсходняя мяжа Еўропы. Гэта не проста геаграфічная лінія. Гэта рубеж Еўропы.
Мы павінны абараняць Еўропу як цэлае, як нашую агульную прастору каштоўнасцяў. Гэта і нашая Еўропа таксама.
І мы, беларусы, гатовыя ўнесці свой уклад. Адна вайсковая сіла нічога не вартая без людзей — людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці.
Падтрымка вольнай Беларусі — гэта стратэгічная інвестыцыя. Гэта стрымліванне пуцінскіх амбіцыяў.
Калі дыктатары аб’ядноўваюцца, мы таксама мусім быць разам.
Трэба адмовіцца ад ілюзіяў, што Пуцін і Лукашэнка хочуць міру. Яны не хочуць. Вайна — гэта паліва для іх рэжымаў, апраўданне для рэпрэсіяў. І мы не павінны адступаць.
Калі мы аддадзім Украіну, аддадзім Крым, Беларусь — Пуцін не спыніцца. Ён пойдзе далей.
Дарагія сябры з Еўрапейскай народнай партыі,
Для мяне Еўрапейская народная партыя — гэта ўвасабленне ўсяго, за што мы змагаемся.
Мы цэнім вашую салідарнасць. Мы ў захапленні ад вашай смеласці. Прэзідэнтка фон дэр Ляен, прэзідэнтка Мецола, Манфрэд, прэм’ер Туск, міністр Таяні… Дзякуй вам!
Няма маленькіх крокаў. Як вашая дапамога нашаму руху — журналістам, актывістам, рэпрэсаваным.
Як напісанне паштовак палітвязням, ініцыяванае Рабертай Мецолай і Анджэем Халіцкім.
Як падтрымка беларускіх сяброў ЕНП — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Хрысціянскай дэмакратыі, Руху «За Свабоду».
Ці сённяшняя рэзалюцыя па Беларусі — кожны крок мае значэнне.
Нягледзячы на пагрозы і тэрор, мы працягваем. За нашае законнае месца ў еўрапейскай сям’і нацыяў.
Так, нас не заўсёды паказваюць у загалоўках. Але мы тут. Змагаемся. Супраціўляемся. Рызыкуем свабодай — каб аднойчы падзяліць вашую.
Жыве Беларусь. Слава Украіне. Жыве Еўропа.