Беларуская лідарка разам з прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзімам Кабанчуком сустрэлася ў Вільні з кіраўніком арганізацыі Blue/Yellow Йонасам Охманам.
Blue/Yellow – літоўская дабрачынная арганізацыя, якая з 2014 года падтрымлівае ўкраінскіх вайскоўцаў, забяспечваючы іх абсталяваннем і гуманітарнай дапамогай. За час дзейнасці Blue/Yellow сабрала больш за 96 мільёнаў еўра на падтрымку Украіны. Сродкі былі выкарыстаныя на закупку дронаў, радыёлакацыйных сістэмаў, медычнага і тактычнага абсталявання, транспарту.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі:
– планаванне супольных кампаніяў збору дапамогі для ўкраінскіх вайскоўцаў;
– падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне;
– далейшую каардынацыю паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ініцыятывамі грамадзянскай супольнасці Літвы.
Святлана Ціханоўская: «Падтрымка Украіны – гэта не толькі маральны абавязак, але і наш супольны шлях да свабоды. Літва паказвае прыклад салідарнасці, і мы, беларусы, удзячныя за гэта. Мы ганарымся тымі беларусамі, хто разам з украінцамі змагаецца супраць расійскай агрэсіі – на фронце і ў тылу. Сустрэча яшчэ раз падкрэсліла: барацьба за свабоду – агульная. І яна патрабуе адзінства, салідарнасці і пастаянных дзеянняў».
Шматлікія беларусы, якія жывуць у Літве, ужо далучаліся да ініцыятываў па зборы дапамогі для Украіны, працавалі валанцёрамі і перадавалі амуніцыю для беларускіх падраздзяленняў.