26 студзеня 2025 года ў Беларусі прайшлі так званыя «прэзідэнцкія выбары», якія былі інсцэніроўкай для захавання ўлады Лукашэнкі. Фальсіфікацыі і рэпрэсіі сталі асноўнымі рысамі гэтых «выбараў». Новыя законы крыміналізавалі альтэрнатыўны падлік галасоў і заклікі да байкоту. Вынікі былі загадзя вызначаныя, незалежнае назіранне забароненае, а выбарчыя камісіі складаліся толькі з прыхільнікаў рэжыму. 1,5 мільёна беларусаў за мяжой былі пазбаўленыя права галасаваць.
У адказ дэмакратычныя сілы арганізавалі шырокую кампанію пратэстаў і міжнародных ініцыятываў, каб прыцягнуць увагу да нелегітымнасці працэсу. Сярод знакавых акцыяў салідарнасці і міжнародных мерапрыемстваў былі:
-
Акцыі пратэсту «Лукашэнку ў шрэдар». Сімвалічныя дэманстрацыі прайшлі ў 12 краінах: Славенія, Швецыя, Эстонія, Польшча, Аўстрыя, Італія, Францыя, Латвія, Германія, Вялікабрытанія, Ізраіль і ЗША.
-
Мітынгі ў Варшаве, Кіеве, Вільні і Берліне. У Варшаве сабраліся беларускія дэмакратычныя лідары, актывісты і прадстаўнікі беларускага грамадства.
- Форум «Беларусы годныя лепшага» ў Варшаве, дзе абмяркоўвалася дэмакратычная будучыня Беларусі.
- Канцэртны цыкл «Свабода – наш выбар» у Варшаве, Познані, Кракаве і Гданьску.
Святлана Ціханоўская таксама актыўна ўдзельнічала ў міжнародных канферэнцыях і панэлях, прысвечаных тэме #бязвыбары2025. З 20 па 24 студзеня на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе яна абмяркоўвала крызіс у Беларусі з сусветнымі лідарамі. 26 студзеня яна сустрэлася з міністрамі замежных справаў ЕС у Бруселі, дзе абмяркоўваліся санкцыі, будучыня Беларусі і непрызнанне выбараў.
Міжнародная супольнасць пераважна адхіліла вынікі выбараў. 41 краіна, ЕС і 7 міжнародных арганізацыяў асудзілі гэтае шоу. Толькі некалькі аўтарытарных дзяржаваў, уключаючы Расію і Кітай, прызналі вынікі. Гэта падкрэслівае неабходнасць далейшай ізаляцыі рэжыму, падтрымкі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы заклікаюць міжнародную супольнасць:
1️⃣ Не прызнаваць сфальсіфікаваныя выбары
- Асудзіць гэты працэс як цалкам несвабодны і несправядлівы.
- Не прызнаваць Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі.
2️⃣ Павялічыць ціск на рэжым
- Узмацніць санкцыі ў адказ на рэпрэсіі і фальсіфікацыі.
- Узмацніць эканамічны ціск, ліквідаваць шчыліны ў санкцыях.
- Ударыць па сектарах, якія фінансуюць дыктатуру: вайсковая прамысловасць, калій, нафта.
3️⃣ Узмацніць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў
- Працягваць кантакты з Аб’яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай радай і ОСТ пад кіраўніцтвам Ціханоўскай.
- Прызнаць гэтыя структуры законнымі прадстаўнікамі беларускага народа.
4️⃣ Міжнародныя ініцыятывы
- Запусціць Маскоўскі механізм у межах АБСЕ.
- Падтрымліваць ініцыятыву Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе.
- Арганізаваць слуханні ў Радзе Бяспекі ААН па Беларусі (фармат Arria-formula).
- Павялічыць падтрымку незалежных медыя, праваабаронцаў і дэмакратычных сілаў.
- Заклікаць ААН да актыўнага ўдзелу ў вызваленні палітвязняў.
- Падтрымаць еўрапейскую будучыню Беларусі, паказаўшы, што Еўропа – гэта альтэрнатыва дыктатуры.