Галоўнай мэтай візіту Святланы Ціханоўскай у Ісландыю стаў удзел у 76-й сесіі Паўночнай Рады, якая праходзіць у Рэйк’явіку. Асноўныя тэмы пасяджэнняў – бяспека і стабільнасць у рэгіёне, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва ў сферах аховы навакольнага асяроддзя і культуры.
Падчас выступу Ціханоўская агучыла пяць практычных крокаў, якія ўжо сёння могуць зрабіць Паўночныя краіны, каб дапамагчы беларусам:
1️. Далучыць дэмакратычную Беларусь да Паўночнай і Паўночна-Балтыйскай супольнасцяў, фармалізаваць адносіны.
«Запрашайце нашых прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў на сесіі і далучайце да ўдзелу ў міжнародных праектах. Прапануйце моладзі стажыроўкі. Дапамагайце ў распрацоўцы рэформаў. Далучайцеся да групаў за дэмакратычную Беларусь».
2️. Дапамагаць у працэдурах вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных.
«Падтрымайце высілкі па вызваленні палітвязняў і дапамозе рэпрэсаваным. Кожны парламентар можа ўзяць шэфства над адным з такіх беларусаў. Мы павінны пастаянна падымаць гэтую тэму ў ААН і АБСЕ».
3️. Пашырыць магчымасці для мабільнасці беларусаў, клапаціцца пра грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя.
«Беларусам патрэбна больш стыпендыяў, візаў, праграмаў абмену і навучання. Дапамажыце легалізавацца тым, хто ратуецца ад рэпрэсіяў, студэнтам – вучыцца, а сумленным бізнесам – працаваць у вашых краінах. Трэба павялічваць дапамогу грамадзянскай супольнасці і ўмацоўваць культурнае супрацоўніцтва нашых краінаў».
4️. Прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.
«Падтрымайце зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць Лукашэнкі. Працягвайце ціск на рэжым, каб прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці».
5️. Прызнаць «выбары» 2025 нелегітымнымі.
«У 2025 дыктатар Лукашэнка зноў аб’явіць сябе «прэзідэнтам». Дэмакратычны свет павінен прызнаць так званыя выбары фарсам. Неабходна ліквідаваць злачынны рэжым і патрабаваць сапраўдных, свабодных і справядлівых выбараў, якіх заслугоўвае беларускі народ».