Падчас візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская наведала Варшаву, каб даць старт III Кубку Івуліна. Футбольны турнір ужо трэці год запар аб’ядноўвае беларусаў, украінцаў і палякаў у знак падтрымкі беларускіх палітвязняў.
Спаборніцтва было заснавана ў 2022 годзе ў знак салідарнасці з затрыманым спартыўным журналістам Аляксандрам Івуліным, а пасля вызвалення Сашы з-за кратаў застаецца сімвалам салідарнасці з усімі беларускімі палітвязнямі. У гэтым годзе да барацьбы за Кубак далучыліся 24 каманды, а агульная колькасць удзельнікаў і гасцей склала каля 500 чалавек. Асаблівую значнасць турніру надае тое, што яго суарганізатарам стала Міністэрства спорту Польшчы. Асобна адзначым, што выручаныя на турніры сродкі пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным.
📌 Падчас адкрыцця турніру лідарка дэмакратычных сілаў падкрэсліла значэнне такіх мерапрыемстваў для яднання беларусаў:
«Я радая бачыць столькі камандаў і заўзятараў. Радая бачыць нашую нацыянальную сімволіку, чуць беларускія крычалкі. Тут, у свабоднай Польшчы, гэта не забаронена – у адрозненне ад Беларусі, дзе ўлада баіцца ўсяго беларускага».
📌 Галоўнай тэмай прамовы Святланы Ціханоўскай стала неабходнасць падтрымкі беларускіх спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю:
«Мы ганарымся сумленнымі спартоўцамі, якія не засталіся ўбаку ў 2020 годзе: Аляксандр Хацкевіч, Алег Дулуб, Яўген Вяроўка, Сяргей Алейнікаў, Ілля Шкурын, Андрэй Чэпа ды многія іншыя. Многія з вас пацярпелі за сваю сумленную пазіцыю. Але вы не здрадзілі сваім прынцыпам, за што мы вам удзячныя».