Падчас працоўнай паездкі ў Берлін Святлана Ціханоўская правяла важную сустрэчу з міністаркай замежных справаў Германіі Аналенай Бербак. Удзел у сустрэчы таксама ўзялі намеснік беларускай лідаркі ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Павел Латушка і прадстаўнік па міжнародных справах Уладзімір Астапенка.
Падчас сустрэчы абмеркавалі шэраг ключавых пытанняў, сярод іх:
▫️ вызваленне палітвязняў, у тым ліку – Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага;
▫️ магчымасць пашырэння праграмы выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў. Святлана Ціханоўская прапанавала павялічыць колькасць шматразовых і шматгадовых візаў, а таксама зрабіць візы для моладзі бясплатнымі;
▫️ падтрымка Германіяй пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму ў межах універсальнай юрысдыкцыі;
▫️ пытанні легалізацыі беларусаў у Германіі: бакі дамовіліся распрацаваць рашэнні, якія б дазволілі беларусам у Германіі атрымліваць дакументы без перашкодаў;
▫️ падтрымка незалежных беларускіх медыя і беларускай службы Deutsche Welle;
▫️ дапамога беларускай дыяспары;
▫️ ціск на рэжым Лукашэнкі.
Пасля сустрэчы Ціханоўская адзначыла:
«Я вельмі ўдзячная міністарцы за падтрымку Беларусі, беларусаў і за сяброўства, а самае важнае – за прынцыповую пазіцыю ў барацьбе за нашых палітвязняў. Германія працягвае быць лідарам у выдачы візаў і моцна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь на міжнароднай арэне».