• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Калі наступяць дэмакратычныя перамены і ніхто не будзе баяцца казаць адкрыта, беларусы вернуць сабе незалежнасць», – Святлана Ціханоўская – на Парламенцкай асамблеі НАТА 

    17 верасня, 2024

    Беларуская лідарка звярнулася да ўдзельнікаў Парламенцкай асамблеі НАТА ў Варшаве падчас панэлі, прысвечанай Беларусі і краінам Балтыйскага рэгіёна. Разам з кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ўдзел у мерапрыемстве ўзяў і яе намеснік – Павел Латушка.

    Святлана Ціханоўская:

    «Шаноўнае спадарства, дарагія сябры,

    Дазвольце пачаць, выказаўшы падзяку нашым польскім калегам за арганізацыю семінара «Роўз-Рот».

    У Польшчы ключавая роля ў нашай барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Разам з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі мы змагаліся за незалежнасць супраць царскай Расіі. Польская «Салідарнасць» натхняла нас як прыклад таго, што смеласцю і настойлівасцю можна пераадолець любыя выклікі.

    У апошнія гады Польшча стала сховішчам для сотняў тысячаў беларусаў, што дазволіла нам пабудаваць альтэрнатыўныя дэмакратычныя інстытуты і працягваць барацьбу за свабодную Беларусь.

    Таксама хачу падзякаваць Парламенцкай Асамблеі НАТА за стойкую падтрымку свабоднай, дэмакратычнай Беларусі. Дзякуй, што далі нам, беларусам, голас на міжнароднай арэне. Дзякуй, што не ўраўноўваеце беларускі народ са злачынным прарасійскім рэжымам у Мінску.

    Гэта народ, які хоча свабоды і плаціць за гэта высокую цану. У дадзены момант за кратамі знаходзяцца як мінімум 1400 палітвязняў. І кожны дзень па палітычных прычынах затрымліваюць па 15-20 чалавек – за ўдзел у пратэстах, за распаўсюджванне інфармацыі або за падтрымку Украіны.

    Тое, што адбываецца ў Беларусі, можна назваць паўзучай акупацыяй. Нелегітымны дыктатар прадае наш суверэнітэт Пуціну ў абмен на палітычную і фінансавую падтрымку.

    Расія імкнецца знішчыць нашую нацыянальную ідэнтычнасць, культуру, мову і ўсталяваць кантроль над эканамічнай, інфармацыйнай і ваеннай сферай. Беларусь стала плацдармам для расійскай агрэсіі супраць Украіны, а расійскія дроны выкарыстоўваюць беларускую паветраную прастору для нападаў на ўкраінскія гарады і забойства мірных жыхароў.

    Акрамя таго, рэжым у Мінску дае Расіі зброю і дапамагае абыходзіць санкцыі. Нядаўна Расія размясціла на тэрыторыі Беларусі ядзерныя ўзбраенні – каб пагражаць Украіне, НАТА, а таксама беларускаму народу.

    І ўсё гэта адбываецца насуперак волі беларускага народа. Будучы закладнікамі жорсткай дыктатуры і яе палітыкі тэрору, толькі 4% падтрымліваюць ідэю ўдзелу беларускай арміі ў вайне. Больш за 60% выступаюць супраць размяшчэння ядзернай зброі.

    Нягледзячы на ​​ўсе намаганні прапаганды, беларусы хочуць жыць у незалежнай краіне. Ідэю аб’яднання з Расіяй падтрымліваюць менш за 5%.

    Нягледзячы на ​​антызаходнюю і антыўкраінскую прапаганду, толькі каля 29% людзей успрымаюць НАТА як пагрозу.

    Усе гэтыя лічбы паказваюць нам адно: беларусаў нельга атаясамліваць з Лукашэнкам. Беларусаў трэба разглядаць як саюзнікаў у нашай агульнай барацьбе супраць расійскага імперыялізму і за прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў.

    Многія беларусы змагаюцца са зброяй у руках за Украіну. Яны прадстаўляюць найбуйнейшае падраздзяленне замежнікаў у складзе ўкраінскага войска.

    Калі наступяць дэмакратычныя перамены і ніхто не будзе баяцца гаварыць адкрыта, беларусы зноў здабудуць незалежнасць І будуць шанаваць яе яшчэ больш, чым раней.

    Але на гэтым шляху нам патрэбныя саюзнікі, і ў гэтай зале іх багата. Я заклікаю вас бачыць у Беларусі не толькі праблему ці пагрозу, але і магчымасць. Рэжым у Мінску значна больш уразлівы, чым здаецца, і нам трэба зрабіць усё магчымае, каб аслабіць яго яшчэ больш.

    Дэмакратычныя перамены ў Беларусі дапамогуць Украіне перамагчы ў вайне і стануць сур’ёзным ударам па Пуціне. Перамены ў Беларусі могуць прывесці да пераменаў і ў Расіі.

    Як дэмакратычныя сілы, мы рыхтуемся да гэтага моманту, каб не прапусціць акно магчымасцяў, калі яно адчыніцца. Мы ствараем альтэрнатыўныя інстытуты ўлады ў выгнанні – напрыклад, Аб’яднаны пераходны кабінет. Мы ўмацоўваем падпольны рух унутры краіны і працуем з людзьмі ўнутры наменклатуры, якія змогуць дапамагчы нам у крытычны момант.

    Чаго мы дакладна не павінны дапусціць, дык гэта аддаць Беларусь Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза. Калі пачнуцца перамовы, трэба патрабаваць вываду расійскіх войскаў не толькі з Украіны, але і з Беларусі. Мы павінны вырваць Беларусь з расійскіх кіпцюроў. Бо без свабоднай і незалежнай Беларусі будзе пастаянная пагроза для Украіны і ўсёй Еўропы.

    Мы разлічваем на нашых сяброў і саюзнікаў з НАТА. Я радая, што ў траўні гэтага года мы пачалі афіцыйны дыялог з НАТА. У мяне была прадуктыўная сустрэча з Генеральным сакратаром Столтэнбергам, і я спадзяюся, што пад кіраўніцтвам Марка Рутэ нашае супрацоўніцтва працягнецца і паглыбіцца.

    Мы таксама ўсталявалі двухбаковыя адносіны амаль з усімі краінамі НАТА і іх парламентамі. Такія сябры НАТА, як Польшча і Літва, Францыя і Германія, Злучаныя Штаты, Канада і іншыя, з’яўляюцца вельмі блізкімі нашымі партнёрамі.

    Абмеркаванне будучага супрацоўніцтва, абмен інфармацыяй, падтрымка беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Украіну, падрыхтоўка да рэформы беларускай арміі – усё гэта мы можам рабіць разам ужо цяпер.

    Мы не просім вас змагацца замест нас, мы просім падтрымаць нашую барацьбу.

    Мы змагаемся за тыя каштоўнасці, якія так шануе НАТА. Дапамагаючы беларускаму дэмакратычнаму руху, вы таксама дапамагаеце Украіне і закладваеце асновы будучай бяспекі і міру ў Еўропе.

    Зычу вам плённых дыскусіяў. Мой намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка будзе рады адказаць на ўсе вашыя пытанні!

    Дзякуй! Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны