Сёння ў Вільнюсе Святлана Ціханоўская сустрэлася з літоўскімі дэпутатамі Еўрапейскага парламента Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне. На пачатку сустрэчы Ціханоўская павіншавала дэпутатаў з пераабраннем, а Андруса Кубілюса – з намінацыяй на пасаду прадстаўніка Літвы ў Еўрапейскай камісіі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі стратэгію перад так званымі выбарамі 2025 года. Ціханоўская адзначыла, што яны не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Абмеркавалі апошнія дзеянні рэжыму па эскалацыі ваеннай і палітычнай сітуацыі, у прыватнасці на мяжы з Украінай, а таксама магчымыя дзеянні па недапушчэнні ўцягвання Беларусі ў вайну.
Ціханоўская распавяла пра выпадкі дэпартацыі беларусаў з краінаў Еўрапейскага саюзу, у тым ліку са Швецыі, а таксама пра кейс Андрэя Гнёта.
Падчас сустрэчы абмеркавалі, як падтрымаць тэму Беларусі на парадку дня Еўрапейскага саюза, павялічыць падтрымку рэпрэсаваных, грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя.
Ціханоўская, Юкнявічэне і Кубілюс абмеркавалі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Еўрапейскім парламентам, працу дэлегацыі па Беларусі, правядзенне слуханняў па Беларусі, а таксама – супрацоўніцтва ў межах парламенцкай асамблеі Еўранэст.
Раней Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Раберта Метсола падпісалі ліст аб намеры супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі Беларусі.