«Месяц таму я наведвала беларускую прастору «Kropka» ў Вільні, якую стварыў былы беларускі палітвязень Зміцер Фурманаў. І навіна пра атаку на краму стала для мяне шокам. Гэта абсалютна непрымальна, абуральна і небяспечна. Гэта чарговая правакацыя рэжыму, каб пасварыць беларусаў і літоўцаў, сфармаваць варожае стаўленне да беларусаў у Літве, а таксама пасеяць пачуццё страху сярод беларускай супольнасці.
Важны не толькі сам факт нападу, але і мэтанакіраваная спроба распаліць міжэтнічную варожасць. У беларускім і літоўскім грамадства няма і не павінна быць месца ксенафобіі ў любых яе праявах.
Мы на сувязі з літоўскімі ўладамі, накіравалі афіцыйны запыт – паліцыя шукае выканаўцаў. Я ўдзячная, што Літва надае высокую ўвагу бяспецы беларусаў, якія пераехалі ў Літву з палітычных прычынаў. Беларусам і літоўцам трэба спыняць правакатараў разам.
Я хачу выказаць словы падтрымкі Змітру Фурманаву і ўсёй камандзе прасторы «Kropka».