Падчас Канферэнцыі Concordia ў Порту Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Партугаліі Паўла Ранжэлям. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі санкцыйную палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, у прыватнасці калійных угнаенняў. Ціханоўская заклікала з аднаго боку зрабіць санкцыі эфектыўнымі супраць рэжыму, сінхранізаваць іх і закрыць шчыліны, а з іншага боку – не ізаляваць беларусаў, а дапамагаць ім. У прыватнасці, яна папрасіла міністра знайсці магчымасці для вырашэння праблемаў легалізацыі беларусаў, якія пражываюць у Партугаліі (зараз гэта 1 400 чалавек), і беларускіх кампаніяў, якія пераехалі ў Партугалію пасля таго, як былі рэпрэсіраваны рэжымам у Беларусі. У асноўным, гэта кампаніі, якія працуюць у IT-сектары.
Абмяркоўвалі таксама магчымасць правядзення канферэнцыі па пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі – у Партугаліі ёсць станоўчы досвед такога пераходу. Ціханоўская прапанавала міністру, каб такая канферэнцыя прайшла ў Партугаліі, дзе было б добра сабраць і беларускіх, і міжнародных экспертаў і абмеркаваць, напрыклад, пытанне аднаўлення законнасці, пераходнай справядлівасці і аднаўлення дэмакратычных інстытутаў.
Ціханоўская заклікала Партугалію працягваць падтрымку Украіны, а таксама і дэмакратычнай Беларусі. Размаўлялі пра супрацоўніцтва з краінамі Глабальнага Поўдня – паколькі Партугалія мае вялікі ўплыў на партугаламоўныя краіны ў Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы. Абмеркавалі супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях у Еўрасаюзе (і не толькі) і супрацоўніцтва ў культурнай сферы.
Ціханоўская папрасіла міністра падтрымаць мабільнасць беларусаў – каб яны мелі магчымасць выязджаць у Еўрасаюз. Вельмі важна ізалюючы рэжым, не ізаляваць беларусаў, – адзначыла яна.
Сам міністр Паўла Ранжэль быў прызначаны на гэтую пасаду пару месяцаў таму, раней ён ужо некалькі разоў сустракаўся са Святланай Ціханоўскай, будучы дэпутатам Еўрапейскага парламента. Ён запэўніў Ціханоўскую ў поўнай падтрымцы Партугаліяй дэмакратычных сілаў Беларусі.