Сёлета Мальта старшынюе ў АБСЕ, а міністр замежных справаў Мальты з’яўляецца старшынём арганізацыі. Мальта – сябра Рады Бяспекі ААН. Нядаўна дзяржава падтрымала працу Кантактнай групы паміж Радай Еўропы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, далучылася да санкцыяў, а таксама да заявы міністраў замежных справаў ЕС аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі і мабільнасці беларусаў.
Мальта стала 26-й краінай ЕС, якую наведала Святлана Ціханоўская. Апошняя краіна Еўрасаюза, якая пакуль не прыняла Ціханоўскую – Венгрыя.
Падчас працоўнага візіту на Мальту беларуская лідарка падпісала дамову аб супрацоўніцтве з прэзідэнткай Еўрапейскага Парламента Рабертай Метсолай, а таксама сустрэлася з шэрагам ключавых палітыкаў дзяржавы. У дыялогах уздымалася пытанне супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі і Еўрасаюза, супольныя крокі ў АБСЕ, Радзе Еўропы і Радзе бяспекі ААН. Акрамя таго, важнымі тэмамі сталі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў і падтрымка рэпрэсаваных і іх сем’яў. У сустрэчах удзельнічалі дарадца Святланы Ціханоўскай і прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.
Аб чым ішла гаворка на сустрэчах?
⚪️ Перамовы з міністрам замежных справаў Мальты Янам Боргам доўжыліся 4 гадзіны. Міністр падкрэсліў, што Мальта гатовая падтрымліваць ініцыятывы дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне. Ціханоўская прапанавала Боргу ўзняць беларускае пытанне на міністэрскай канферэнцыю АБСЕ, а таксама прызначыць спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ па Беларусі. Абмеркавалі таксама, якім чынам беларускае пытанне можа быць узнятае ў Радзе бяспекі ААН. Борг адзначыў, што раней за Беларусь адказвала амбасада Мальты ў Маскве, а цяпер – амбасада Мальты ў Варшаве.
🔴 Прэзідэнтка Мальты Мірыям Дэбона прыняла Ціханоўскую ў сваёй рэзідэнцыі. Прэзідэнтка падкрэсліла прынцыповую пазіцыю Мальты аб падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі. Беларуская лідарка выказала прапанову, каб Мальта падтрымала Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку рэпрэсаваных і палітвязняў у Беларусі.
⚪️ Спікер Парламента Анджэла Фаруджа і Святлана Ціханоўская абмеркавалі стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Ціханоўская заклікала дэпутатаў Парламента станавіцца сімвалічнымі хроснымі для беларускіх палітвязняў, а таксама прапанавала правесці слуханні па Беларусі ў мальтыйскім парламенце і прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Спікер Фаруджа адзначыў: у Парламенце няма аніводнага дэпутата, які б падтрымліваў рэжым Лукашэнкі.