У першы дзень візіту ў Нарвегію Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Парламента, выступіла з прамовай перад Пастаянным камітэтам па замежных справах і абароне Нарвегіі, правяла брыфінг для экспертнай супольнасці ў Нарвежскім інстытуце па замежных справах, выступіла на канферэнцыі Words Matter, а таксама дала інтэрв’ю шэрагу нарвежскіх і міжнародных СМІ, у тым ліку BBC.
Cа спікерам Парламента Масудам Гарахані
Брыфінг для экспертнай супольнасці ў Нарвежскім інстытуце па замежных справахна
На канферэнцыі Words Matter
Цягам другога дня ў Осла беларуская лідарка сустрэлася з міністрам замежных справаў, мэрам Осла і міністаркай культуры Нарвегіі.
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ паведаміў, што Нарвегія выдзяляе 10 мільёнаў нарвежскіх кронаў (850 тысяч еўра) на рэабілітацыю былых палітвязняў і сем’яў рэпрэсаваных. Таксама Нарвегія запускае міжнародны гуманітарны фонд, які будзе падтрымліваць рэпрэсаваных і заклікае іншыя краіны далучыцца. Ціханоўская прапанавала, каб Нарвегія як дзяржава ўзяла патранаж над палітзняволеным праваабаронцам Алесем Бяляцкім, а таксама назвала гуманітарны фонд яго імем.
Беларуская лідарка і міністр замежных справаў Эспэн Барт Эйде гаварылі пра падтрымку для незалежных медыя, студэнтаў, культурных ініцыятываў. Нарвегія выдзяляе сродкі на падтрымку медыяпраектаў і грамадскіх ініцыятываў у межах праграмы грантаў Паўночных краінаў, а таксама працягне падтрымліваць стыпендыі для маладых беларусаў, якія навучаюцца ў ЕГУ. Святлана Ціханоўская прапанавала міністру запрашаць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі да ўдзелу ў мерапрыемствах Рады міністраў паўночных краінаў альбо Паўночна-балтыйскай васьмёркі. Таксама палітыкі гаварылі пра спрашчэнне легалізацыі ў дачыненні да беларусаў – Нарвегія зможа выдаваць пашпарты замежнікаў для беларусаў, якія не могуць аднавіць дакументы.
На сустрэчы з дзяржсакратаром міністэрства юстыцыі Джонам-Эрыкам Віка Святлана Ціханоўская гаварыла пра шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд і Суд ААН. Былі дасягнутая дамоўленасць правесці кансультацыі з іншымі краінамі, якія працуюць у гэтым напрамку.
З міністаркай культуры Нарвегіі Любнай Яфэры абмеркавалі трэнінгі і стажыроўкі для менеджараў культуры, культурныя абмены і рэзідэнцыі для творцаў, падтрымку для культурных ініцыятываў і праектаў. Нарвегія ўжо рэалізуе шэраг беларускіх культурных праектаў, у тым ліку падтрымлівае кінафестываль «Паўночнае ззянне».
Беларуская лідарка і мэр Осла Аннэ Ліндбу абмяркоўвалі арганізацыю выставы пра Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў, а таксама супрацоўніцтва з беларускімі ініцыятывамі ў Осла і Аб’яднаннем беларусаў у Нарвегіі «Разам».
У нарвежскім Парламенце Ціханоўская сустрэлася з групай Сяброў дэмакратычнай Беларусі. На сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць заклікаць іншых дэпутатаў Парламента браць патранаж над палітвязнямі, правесці кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага, а таксама ўзнімаць пытанне Беларусі ў парламенцкіх асамблеях Рады Еўропы і АБСЕ.