Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з Фондам ім. Конрада Адэнаўэра Беларусь і Стакгольмскім цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS) арганізаваў ў Гаазе панэльную дыскусію «Ваенныя вучэнні «Захад 2025» і далей: разуменне ўсходняй пагрозы і адказ НАТА». Размова датычылася ключавых выклікаў для рэгіянальнай бяспекі: мілітарызацыі Беларусі, ваеннай залежнасці нашай краіны ад Расіі, супрацоўніцтва рэжыму з Кітаем, Іранам і іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі.
Святлана Ціханоўская задала тон дыскусіі падчас выступу-адкрыцця, калі падкрэсліла: галоўная задача — вырваць Беларусь з-пад кантролю Пуціна. Далей яна акцэнтавала ўвагу на наступных тэмах:
📌Вучэнні «Захад-2025»
«Гэтай восенню дыктатары плануюць правесці ў Беларусі ваенныя вучэнні. Афіцыйна яны паабяцалі не праводзіць вучэнні паблізу межаў НАТА. Але ці можна давяраць рэжыму? У 2022 годзе Лукашэнка таксама абяцаў, што расійскія войскі вернуцца дадому».
📌Кантроль з боку Крамля
«У Беларусі адбываецца паўзучая акупацыя. Рэжым перайшоў ад аўтарытарызму да таталітарызму, скарыстаўшы вайну і выдуманых «унутраных ворагаў». Русіфікацыя, прапаганда, размяшчэнне ядзернай зброі, рэпрэсіі. Палітвязні выкарыстоўваюцца як разменная манета».
📌Падтрымка беларускага грамадства
«Мы павінны глядзець на Беларусь не толькі праз прызму правоў чалавека, але і праз прызму еўрапейскай бяспекі. Стабільная, дэмакратычная Беларусь мае вырашальнае значэнне для архітэктуры бяспекі ў рэгіёне».
📌Спыненне ціску на рэжым
«Мы не павінны аслабляць міжнародны ціск на рэжым. Толькі калі мы ўбачым рэальныя змены –– калі спыняцца рэпрэсіі і будуць вызваленыя ўсе палітвязні — мы зможам пра штосьці гаварыць».