• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Red Paper. Што трэба ведаць пра Беларусь тут і цяпер

    24 чэрвеня, 2025

    У дакуменце, які Святлана Ціханоўская прэзентавала сёння ў Гаазе, сабраная важная і актуальная інфармацыя пра бяспеку Беларусі — энергетычную, інфармацыйную, эканамічную, вайсковую, міграцыйную і маладзёжную. Даныя, якія сістэматызавалі эксперты, дапамагаюць зразумець, якія рызыкі існуюць сёння для нашай краіны і што яны азначаюць для яе будучыні. Падаем ключавыя факты з Red Paper.

    1. Энергетычная бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Поўная залежнасць Беларусі ад Расіі ў энергетыцы.

    Ключавыя высновы:

    • Беларусь вырабляе зашмат энергіі, але не ўмее ёй кіраваць. У краіне будуюць яшчэ адну АЭС — хоць энергіі і так хапае, а рызыкі ад атамнай генерацыі растуць.
    • Развіццё зялёнай энергетыкі фактычна замарожанае. З 2021 года дзейнічала забарона на будаўніцтва новых сонечных і ветравых станцыяў (з 2025 года забарона здымаецца, але будаўніцтва новых станцыяў усё яшчэ моцна абмежаванае).
    • Грошы ідуць на датацыі, а не на будучыню: дзяржава пакрывае да 80% кошту ацяплення. Гэта дорага, але новыя тэхналогіі пры гэтым амаль не падтрымліваюцца.
    • Кадравы крызіс: ідэалагізацыя, адсутнасць стымулаў і дэградацыя адукацыі.
    • Рэзкае скарачэнне прафесійнага і навуковага абмену з Захадам. Тэндэнцыя да поўнай ізаляцыі Беларусі.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Беларусь магла б быць энергетычным мостам паміж Украінай і Балтыйскім рэгіёнам — напрыклад, пастаўляць біямасу і зялёную электраэнергію. Замест гэтага краіна загнаная ў ізаляцыю, залежыць ад нафты і газу Расіі і не развівае ўласны патэнцыял. Гэта пагражае і экалогіі, і эканоміцы — павялічвае ўразлівасць да шантажу з боку Крамля.

    1. Інфармацыйная бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Беларусь — крыніца гібрыдных пагрозаў праз прапаганду, цэнзуру і кібератакі.

    Ключавыя высновы:

    • Рэжым выбудаваў цэнтралізаваную вертыкаль прапаганды: прэс-служба Лукашэнкі, КДБ, аператары сувязі, ідэалагічныя інстытуты, дзяржаўныя СМІ. Доступ да інфармацыі абмежаваны — у тым ліку праз блакіроўку інтэрнэту.
    • Паралельна са сваім парадкам дня рэжым узаемадзейнічае з Крамлём.
    • Асноўныя наратывы прапаганды: НАТА і ЕС — пагроза, апазіцыя — «тэрарысты», Расія — «гарант суверэнітэту».
    • Размытая мяжа паміж рэжымам і дзяржаўнымі структурамі, што ўскладняе рэакцыю ЕС на парушэнні.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Інфармацыйная ізаляцыя пераўтварае беларусаў у закладнікаў прапаганды. Без доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі яны становяцца ўразлівымі да маніпуляцыяў. Гэта падрывае патэнцыял дэмакратычнай будучыні краіны і ўскладняе дыялог з ЕС.

    1. Эканамічная бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Крызіс і стагнацыя ў эканоміцы Беларусі вядуць да залежнасці ад Расіі і дэградацыі нацыянальных інстытутаў.

    Ключавыя высновы:

    • Рост ВУП Беларусі каля 0,6% у год — адзін з найгоршых паказчыкаў у рэгіёне.
    • Сістэма дзяржаўнага кіравання цалкам падпарадкаваная палітыцы, адсутнічае незалежнасць Нацбанка.
    • Фінансавы сектар неразвіты: людзі не давяраюць рублю і захоўваюць грошы ў доларах. З-за гэтага складана развіваць банкі, прыцягваць інвестыцыі і будаваць устойлівую эканоміку.
    • Нізкі доступ да рынкаў.
    • Знешні гандаль на 60% залежыць ад Расіі, імпарт — сыравіна і энерганосьбіты.
    • Высокі ўзровень блакіроўкі доступу да заходніх тэхналогіяў і капіталу.
    • Уцечка мазгоў: выехала больш за 300 000 чалавек — у тым ліку ключавыя кадры ІТ і медыцыны.
    • Эканамічная мадэль не абнаўляецца, а толькі ўзмацняе залежнасць ад Масквы.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Рэжым самаўстраніўся ад мадэрнізацыі. Замест дыверсіфікацыі і рэформаў — зацвярдзенне ў ролі «сыравіннага прыдатка» Расіі. Гэта шлях да страты суверэнітэту.

    1. Міграцыйная бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Выкарыстанне мігрантаў як інструмента ціску на ЕС.

    Ключавыя высновы:

    • Лукашэнка свядома справакаваў міграцыйны крызіс у 2021 годзе, завозячы мігрантаў і накіроўваючы іх да мяжы з ЕС.
    • Рэжым сумесна з ФСБ распрацоўваў схему «Аперацыя Замак» для дэстабілізацыі Еўропы.
    • Гуманітарная катастрофа: дзясяткі загінулых на мяжы, праваабарончыя нормы парушаныя.
    • Палітычныя мэты рэжыму — раскол ЕС, а таксама ціск на Польшчу, Літву, Латвію.
    • Крызіс выкарыстаны для ўнутранага рэпрэсіўнага кантролю і як сродак шантажу ЕС.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Такія паводзіны рэжыму пераўтвараюць краіну ў інструмент шантажу — і ствараюць вобраз пагрозы для суседзяў. Гэта павялічвае ізаляцыю, закрывае любыя магчымасці для дыялогу з Захадам і шкодзіць рэпутацыі беларускага народа.

    1. Вайсковая бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Беларусь ператварылася ў ваенны фарпост Расіі — пляцоўку для гібрыдных атак і патэнцыйных пагрозаў краінам НАТА.

    Ключавыя высновы:

    • Беларусь стала тылам і лагістычнай базай Расіі ў вайне супраць Украіны: ад размяшчэння войскаў да вытворчасці шын і электронікі для арміі РФ.
    • Ваенная інфраструктура і армія цалкам інтэграваныя з расійскімі структурамі: ствараецца адзіная групоўка войск, Расія кантралюе СПА і размяшчае ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.
    • Беларуская выведка навучаецца ў ФСБ, афіцэры — выпускнікі расійскіх акадэміяў.
    • Ёсць рызыка выкарыстання Беларусі як пляцоўкі для атакі на краіны Балтыі ці Польшчу, уключаючы сцэнары «пад чужым сцягам» («пад сцягам Лукашэнкі»).
    • Беларусь — канал абыходу санкцыяў, у тым ліку паставак ваенных кампанентаў.
    • Рэжым не кантралюе свае межы і ваенныя рашэнні. Ключавыя рашэнні прымае Крэмль.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Фактычная страта ваеннага суверэнітэту пагражае не толькі суседзям, але і самім беларусам. Беларусь можа быць уцягнутая ў вайну, не маючы магчымасці ўплываць на гэта. Гэта падвяргае рызыцы жыццё, эканоміку і будучыню краіны. Толькі вяртанне кантролю над арміяй і нейтралітэтам можа забяспечыць бяспеку і Беларусі, і рэгіёну.

    1. Маладзёжная бяспека

    Што фіксуем і пра што гаворым?
    Сістэмнае падаўленне, эміграцыя і ідэалагічная апрацоўка моладзі.

    Ключавыя высновы:

    • Амаль палова палітвязняў — людзі да 35 гадоў.
    • Разгром некамерцыйных арганізацыяў: ліквідавана больш за 1600 НДА, зачыненыя альтэрнатыўныя школы і ўніверсітэты.
    • Эміграцыя: больш за 300 000 чалавек пакінулі краіну, большасць — моладзь і спецыялісты. Асабліва моцна пацярпеў ІТ-сектар.
    • Меры для ўтрымання моладзі сілай: адмена адтэрміноўкі ад войска для студэнтаў за мяжой, прымусовае размеркаванне пасля ВНУ на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
    • Адукацыя стала сістэмай ідэалагічнай апрацоўкі: ліквідаваныя незалежныя ВНУ, уведзеныя абавязковыя «ўрокі ідэалогіі», настаўнікаў змушаюць праходзіць «перападрыхтоўку».
    • Расце прапаганда мілітарызму і прарасійскіх наратываў — у тым ліку праз школьныя мерапрыемствы і СМІ.
    • Моладзь у выгнанні шукае адукацыю і магчымасці ў ЕС.

    Чаму гэта важна для беларусаў:
    Будучыня краіны залежыць ад моладзі. Калі цяперашняе пакаленне або эмігруе, або падвергнецца татальнаму «перавыхаванню» — Беларусь страціць не толькі спецыялістаў, але і носьбітаў еўрапейскіх каштоўнасцяў. Без іх удзелу немагчымыя ні мадэрнізацыя, ні дэмакратычнае развіццё. Падтрымка моладзі — укладанне ў бяспеку і свабоду Беларусі.

    Апошнія навіны