У Варшаве адбылася сустрэча Святланы і Сяргея Ціханоўскіх з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім. Абмяркоўвалі далейшыя крокі падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і беларусаў у выгнанні, а таксама каардынацыю дзеянняў паміж структурамі Польшчы і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.
Нацыянальная лідарка падкрэсліла важнасць афіцыйнага запуску міжміністэрскай рабочай групы — рашэнне ўжо прынятае, і цяпер чакаецца першае пасяджэнне.
Сяргей Ціханоўскі, у сваю чаргу, падзяліўся ўспамінамі пра знаходжанне ў турме, распавёў, як выглядаюць катаванні і што значыць працягваць супраціў. Падкрэсліў важнасць не толькі вызвалення асобных палітвязняў, але і спынення рэпрэсіяў у прынцыпе — бо пакуль адных выпускаюць, іншых саджаюць. Ён заклікаў да паслядоўнай палітыкі ціску і дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.
Ціханоўская падзякавала Сікорскаму за асабістую ўвагу да тэмы палітвязняў, у тым ліку лёсу Анджэя Пачобута, і за тое, што ў час зняволення Сяргея стаў яго «хросным бацькам» — палітычным апекуном. Яна таксама выказала ўдзячнасць за падтрымку польскім бокам Форуму Касцюшкі і такога палітычнага напрамку як культурніцкая дыпламатыя: Кубка Івуліна, тэатральных актыўнасцяў «Вольных Купалаўцаў», Вольнага Хору і іншых. Да таго ж, лідарка адзначыла важнасць працы Адама Халацінскага — былога амбасадара Польшчы ў Швецыі, які ў лістападзе 2024 года быў прызначаны ўпаўнаважаным Міністра замежных справаў па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская павіншавала Польшчу з завяршэннем старшынства ў Радзе ЕС і пачаткам старшынства ў Радзе дзяржаваў Балтыйскага мора, а таксама запрасіла запісаць відэа або заяву да пяцігоддзя пратэстаў 9 жніўня — як знак салідарнасці з беларусамі, якія не спынілі змаганне.