«Тры гады. Тры бясконцыя гады беларусы Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў знаходзяцца ў расійскім палоне пасля таго, як падчас баёў трапілі ў пастку пад Лісічанскам. Гэта палон, з якога людзі вяртаюцца ў такім жахлівым стане, што толькі думка пра тое, як з імі абыходзяцца, выклікае ў мяне жах і бясконцую злосць.
Ян і Сяргей — героі, якія пайшлі на фронт, каб абараняць Украіну і нашую агульную свабоду ад дыктатур. Бо гэтая вайна не толькі пра нашых суседзяў. Гэта вайна — супраць несправядлівасці, з-за якой нашыя родныя і блізкія аказаліся за кратамі. Супраць бесчалавечнасці, якая прымусіла тысячы людзей пакінуць радзіму. Каб дапамагчы Яну і Сяргею вярнуцца з палону, дэмакратычныя сілы рэгулярна ўздымаюць пытанне іх уключэння ў абменныя спісы — праз Міністэрства замежных справаў Украіны, праз Вярхоўную Раду, праз усе магчымыя шляхі.
Але важна, каб пра іх памяталі не толькі дыпламаты. Нам трэба гаварыць пра іх і дзейнічаць — падтрымліваць добраахвотнікаў і валанцёраў, далучацца да дабрачынных збораў і акцыяў, клапаціцца пра сем’і байцоў, калі гэта бяспечна. Бо нельга рабіць выгляд, што вайны няма. Нельга ігнараваць, што штодня гінуць людзі — прыгожыя, смелыя беларусы, такія як Маша Зайцава, як Брэст, Атам, Папік, Сябро…
Я ведаю — кожны з нас робіць свой выбар кожны дзень. Хлопцы зрабілі свой: быць на баку Украіны, быць на баку вольнага свету, быць супраць дыктатуры. Каб да нас у кватэры не ўляталі дроны. Каб нам не давялося разбіраць завалы ў пошуках бацькоў пад абломкамі. Каб мы ведалі, што такое жыццё, а не вайна. Яны зрабілі гэты выбар дзеля нас, а мы зробім усё магчымае, каб вярнуць жывымі ўсіх, каго яшчэ магчыма».
Фота: twitter.com/europeanbelarus