ВІЗІТ У МЮНСТЭР
Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Германію, дзе далучылася да Вестфальскай канферэнцыі ў Мюнстэры. Падчас канферэнцыі беларуская лідарка заклікала міжнародную супольнасць не забываць пра Беларусь і працягваць падтрымку дэмакратычнага руху. Асаблівую ўвагу лідарка надала супрацоўніцтву з новым урадам Германіі як ключавым партнёрам у абароне інтарэсаў вольнай Беларусі.
ВІЗІТ У ВАРШАВУ
Дарадцы Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях і парламенцкім супрацоўніцтве Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька на гэтым тыдні знаходзіліся з працоўным візітам у Варшаве. Яны правялі шэраг сустрэчаў з польскімі палітычнымі дзеячамі: у Сейме і Сенаце Польшчы з парламентарыямі Аляксандрай Вішнеўскай, Рышардам Петру, а таксама з Робертам Тышкевічам. Бакі абмеркавалі шэраг ініцыятываў, скіраваных на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі, у тым ліку магчымасць непрызнання #бязвыбары2025, пагадненне аб супрацоўніцтве, прававую падтрымку беларускай дыяспары. Адбылася прэзентацыя законапраектаў Новай Беларусі.
Акрамя таго, на гэтым тыдні парламент Польшчы прыняў рэзалюцыю ў падтрымку Беларусі. Гэта міжнародны інструмент, які дапамагае ўмацаванню сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю і падтрымцы дэмакратычных пераменаў.
СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСКІМІ АРГАНІЗАЦЫЯМІ
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў у Літве. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва НДА з дэмакратычнымі сіламі, супольныя акцыі, кампаніі і мерапрыемствы. Асобная ўвага надавалася пытанням беларусаў у Літве.
ПАЗІТЫЎНЫЯ РАШЭННІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ СЛАВЕНІІ
Прадстаўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева паведаміла пра шэраг важных рашэнняў на карысць беларускай дыяспары Славеніі. Цяпер беларусам можна атрымліваць від на жыхарства без даведкі аб несудзімасці, а таксама не патрабуюцца апастылі, якія немагчыма атрымаць. Акрамя таго, зафіксаваныя выпадкі выдачы пашпарта замежніка і доўгатэрміновых візаў сваякам актывістаў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы актыўнай працы грамадзянскай супольнасці і Народнай Амбасады Беларусі.
ЗАКОНАПРАЕКТ АБ БЕЛАРУСКІХ ДАБРААХВОТНІКАХ
Ва Украіне пачалася праца над законапраектам, які павінен вырашыць істотныя для беларускіх добраахвотнікаў пытанні. Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве, распавёў пра вынікі круглага стала, які быў арганізаваны разам з украінскай радай знешняй палітыкі.
КАНФЕРЭНЦЫЯ МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай, выступіў на штогадовай канферэнцыі Міжнароднага супольнасці па правах чалавека (IGFM). Леанід распавёў пра працяг рэпрэсіяў у Беларусі, рэжым інкамунікада, дзясяткі выпадкаў прымусовага псіхіятрычнага лячэння і ўключэнне больш як 5000 чалавек у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
ПАДСУМАВАННЕ ВЫНІКАЎ МЕСЯЦА
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў вынікі месяца: галоўныя падзеі, новыя даследаванні і значныя дасягненні беларускіх актывістаў і арганізацыяў.
КАМЕНТАР ПРА СПЕЦВЫТВОРЧАСЦЬ СУПРАЦЬ АНДРЭЯ СТРЫЖАКА
18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачнуць завочна судзіць Андрэя Стрыжака, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксея Лявончыка, Аляксандру Жук і Аляксандра Падгорнага, якія маюць дачыненне да дзейнасці фондаў салідарнасці. Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментаваў прызначэнне даты «завочнага суда» па абвінавачваннях Андрэя Стрыжака: «Рэжым як агню баіцца салідарнасці і самаарганізацыі беларусаў. Пасля ўсіх выхадак заганнай сістэмы, якую язык не паварочваецца назваць праваахоўнай, мы ўсе паказалі, як мы ўмеем супраціўляцца самавольству і падтрымліваць тых, хто трапіў пад махавік рэпрэсіяў».
РЭАКЦЫЯ НА СВЯТКАВАННЕ ДНЯ «АДЗІНСТВА» БЕЛАРУСІ І РАСІІ
Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды дня «адзінства» Беларусі і Расіі: «Кожны крок, які рэжым робіць насустрач Пуціну, штурхае Беларусь да растварэння ў Расіі. Мы – беларусы – не выбіралі гэтага. Нам не патрэбныя саюзы, з-за якіх гінуць людзі і губляецца нашая нацыянальная самабытнасць».
КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
23-25 траўня ў Варшаве пройдзе IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету – магчымасць для прадстаўнікоў арганізацыяў, ініцыятываў і дыяспары сустрэцца афлайн, абмеркаваць актуальныя пытанні і разам будаваць будучыню. Каб арганізатары маглі ўлічыць патрэбы і прыярытэты супольнасці, ужо цяпер можна запоўніць анкету па фармаванні праграмы.
МЕДЫЯ
Радыё Рацыя (Беларусь), Радыё Свабода (Беларусь), iROZHLAS (Чэхія), Радыё Свабода (Беларусь), ELTA (Літва), BNS (Літва), TV3 (Літва), 15min. (Літва).