СУСТРЭЧА ПАЛІТВЯЗНЯЎ У ВАРШАВЕ І ВІЛЬНЮСЕ
З Украіны ў Вільнюс і Варшаву прыбылі больш за 100 вызваленых і прымусова вывезеных з Беларусі палітвязняў. Іх сустрэлі родныя, валанцёры і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Святлана Ціханоўская павіншавала іх са свабодай і падкрэсліла, што барацьба за тых, хто застаецца ў турмах, працягваецца. Вызваленым аказваецца комплексная падтрымка дзякуючы супольным намаганням беларускіх і міжнародных ініцыятываў пры дапамозе Літвы і Польшчы.
РАЗМОВА З МАРЫЯЙ КАЛЕСНІКАВАЙ І ВІКТАРАМ БАБАРЫКАМ
Напрыканцы тыдня Святлана Ціханоўская сазванілася з Марыяй Калеснікавай і Віктарам Бабарыкам на іх шляху ў Германію. Марыя Калеснікава выказала словы падтрымкі Ціханоўскай, а Віктар Бабарыка падзякаваў Ціханоўскай за яе працу на карысць Беларусі. Дамовіліся працягваць камунікацыю і супрацоўніцтва, захоўваць адзінства дэмакратычных сілаў.
СУСТРЭЧА З ПРЭЗІДЭНТАМ ЛІТВЫ
Святлана Ціханоўская і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сустрэліся з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Ціханоўская падзякавала Літве за прынцыповую падтрымку беларусаў і палітвязняў у барацьбе за правы чалавека і свабоду і адзначыла гуманітарныя намаганні ЗША, якія паспрыялі вызваленню Бяляцкага.
СУСТРЭЧА СА СПІКЕРАМ ПАРЛАМЕНТА ЛІТВЫ
Святлана Ціханоўская і Алесь Бяляцкі сустрэліся ў Сейме Літвы са спікерам Юозасам Олекасам. Бакі абмеркавалі сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і далейшае супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з літоўскім парламентам.
ВЯРХОЎНАЯ РАДА УКРАІНЫ ПРЫНЯЛА ЗАКОН АБ СТАТУСЕ ДОБРААХВОТНІКАЎ
Украінская Вярхоўная Рада прыняла закон аб статусе замежных добраахвотнікаў, у тым ліку беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, за яго прагаласаваў 291 дэпутат. Дакумент накіраваны на вырашэнне прававых і сацыяльных пытанняў — ад легалізацыі знаходжання да гарантыяў і абароны правоў добраахвотнікаў. Закон стаў вынікам працяглай супольнай працы, у тым ліку на аснове прапановаў, перададзеных украінскаму боку камандай Офіса Святланы Ціханоўскай.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — З НАГОДЫ МІЖНАРОДНАГА ДНЯ МІГРАНТА
18 снежня ў свеце адзначаецца Дзень мігранта. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Шмат беларусаў заплацілі высокую цану за права заставацца сабой. І я ведаю, што мы захаваем і пранясём гэтую годнасць да моманту, калі нарэшце вернемся дадому».
УРУЧЭННЕ УЗНАГАРОДАЎ
Падчас традыцыйнага каляднага прыёму Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе адбылося ўрачыстае ўручэнне медалёў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, якое правяла Святлана Ціханоўская. Яна ўручыла ўзнагароды «За плённую працу на карысць Беларусі», «Няскораных» імя Ларыса Геніюш і «Гонар і годнасць». Узнагароды атрымалі Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, былы дырэктар «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук, журналісты Вячаслаў Лазараў і Павел Вінаградаў, філосаф Уладзімір Мацкевіч, прадпрымальнік і інаватар Павел Лібер. У цырымоніі бралі ўдзел выбітныя беларусы, амбасадары, акрэдытаваныя ў Літве, а таксама міністр унутраных справаў і міністр працы Літвы.
ПАШПАРТЫ ЗАМЕЖНІКА Ў ДАНІІ І НАРВЕГІІ
Беларусы ў Даніі і Нарвегіі пацвердзілі, што былі выдадзеныя пашпарты замежніка прадстаўнікам дыяспары, якія засталіся без дакумента, і падзякавалі Офісу Святланы Ціханоўскай і ўрадам гэтых краін. Цягам апошніх гадоў прадстаўнікі Офіса і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета камунікавалі з урадамі шэрагу краінаў, каб вырашыць пытанні з легалізацыяй для беларусаў, якія засталіся без пашпартоў і не могуць вярнуцца ў Беларусь праз палітычны пераслед. Ужо больш як 10 краінаў ЕС пачалі выдаваць пашпарты замежніка.
БЕЛАРУСКАМОЎНЫ РАЗДЗЕЛ НА ПАРТАЛЕ ЎРАДА ПОЛЬШЧЫ
На афіцыйным партале Урада Польшчы пачаў працаваць беларускамоўны раздзел, прызначаны для грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у Польшчы. Ён змяшчае афіцыйную інфармацыю па ключавых пытаннях легалізацыі, працы, сацыяльных выплат і паўсядзённага жыцця. Сэрвіс быў створаны ў выніку паўгадавой сумеснай працы пасля ініцыятывы Паўла Латушкі.
СТРАТЭГІЧНАЕ ПЛАНАВАННЕ КАБІНЕТА
16–17 снежня ў Вільнюсе адбылася стратэгічная сесія Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, замежных прадстаўніцтваў (Італія, Кіеў, Брусель, Прага), і партнёрскіх арганізацыяў. Абмеркавалі наступныя крокі па вызваленні палітвязняў, прыярытэты на 2026 год, супрацоўніцтва з замежнымі ўрадамі, вырашэнне праблемаў беларусаў замежжа, падтрымку Украіны.
МЕДЫЯ
BBC (Міжнароднае), APNews (Міжнароднае), France 24 Breaking News (Міжнароднае), Al Jazeera English (Міжнароднае), France 24 (Міжнароднае), Associated Press (AP) (Міжнароднае), ABC (Аўстралія), LRT (Літва), DWS News (Міжнароднае).
