СУСТРЭЧА МАРЫІ КАЛЕСНІКАВАЙ З ТАТАМ
12 лістапада адбылася сустрэча Марыі Калеснікавай з яе татам у турэмнай бальніцы. Невядома, ці Калеснікава цяпер праходзіць лячэнне, ці яе прывялі з памяшкання камернага тыпу, дзе яна, хутчэй за ўсё, утрымліваецца. Апошні раз Марыя і яе тата бачыліся ў снежні 2022 года. Святлана Ціханоўская адрэагавала на навіну аб сустрэчы: «Маша, як жа я рада бачыць тваю ўсмешку пасля двух гадоў рэжыму інкамунікада!»
БЕЛАРУСКА-УКРАІНСКІ ФОРУМ
16-17 лістапада ў Кіеве прайшоў Форум Астрожскіх з удзелам прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады, беларускіх журналістаў, экспертаў і актывістаў. З украінскага боку ўдзельнічалі прадстаўнікі МЗС, дэпутаты, Офіс Прэзідэнта і экспертная супольнасць. На форуме абмяркоўвалі стратэгію супрацоўніцтва, супольныя ініцыятывы ў інфармацыйнай і культурнай прасторы, дапамогу добраахвотнікам і медыя. На палях мерапрыемства прадстаўнікі Ціханоўскай сустрэліся з дарадцам Зяленскага Міхаілам Падаляком, былым міністрам замежных справаў Дзмітрыем Кулебам, дэпутатамі Вярхоўнай Рады і прадстаўнікамі МЗС.
ЧАЦВЁРТАЯ ГАДАВІНА СМЕРЦІ РАМАНА БАНДАРЭНКІ
Чатыры гады таму, 12 лістапада 2020 года, у Мінску быў забіты Раман Бандарэнка – малады мастак і актывіст, які стаў ахвярай гвалту з боку беларускага рэжыму. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у гадавіну яго смерці: «Нам нельга забываць пра тых, хто загінуў ад пераследу рэжыму. Гэта памяць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што злачынствы працягваюцца. Нашая задача – дамагчыся справядлівасці і зрабіць усё, каб такія трагедыі больш ніколі не паўтарыліся».
ЗНАЧЭННЕ ВЫБАРАЎ 2025 ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
Выбары 2025 года ў Беларусі не могуць быць справядлівымі, калі штодзённа арыштоўваюць дзясяткі людзей па палітычных матывах, а ў краіне больш за тысячу палітвязняў. Гэты «працэс» – не выбары, а спектакль са старымі механізмамі фальсіфікацый. Каманда Офіса адказала на 5 самых папулярных пытанняў, якія тычацца «Бязвыбараў-2025».
«БЯЗВЫБАРЫ-2025»
Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Deutsche Welle заявіла, што «Бязвыбары-2025» з’яўляюцца толькі палітычным рытуалам для захавання рэжыму Лукашэнкі. Яна падкрэсліла, што гэта не выбары, а імітацыя, дзе галасы не будуць падлічаныя, і вынік будзе абвешчаны загадзя, як патрэбна ўладзе. Ціханоўская заклікала дэмакратычныя краіны не прызнаваць гэтыя «выбары» і падтрымліваць беларускі народ, а не рэжым.
«КРЫЖ ДОБРАСУСЕДСТВА» ЎРУЧАНЫ ЛАНДСБЕРГІСУ
Падчас «Форума будучыні дэмакратыі» ў Вільні Святлана Ціханоўская ўручыла міністру замежных справаў Габрыэлюсу Ландсбергісу «Крыж добрасуседства» – вышэйшую ўзнагароду дэмакратычных сілаў Беларусі: «Дзякуй Вам за тое, што Вы цвёрда стаялі разам з беларусамі ў хвіліну прыгнёту і сталі нашым голасам на міжнароднай арэне. Вы далі нам больш, чым надзею – вы ўсялілі ў нас упэўненасць».
СУСТРЭЧА З ІСПАНСКІМ ДЗЯРЖСАКРАТАРОМ ПА СПРАВАХ ЕС
У пасольстве Іспаніі ў Вільні Святлана Ціханоўская сустрэлася з іспанскім дзяржсакратаром па справах ЕС Фернанда Сампедра Маркасам. Яны абмеркавалі стратэгію еўрапеізацыі Беларусі і пытанні падтрымкі беларускай дыяспары ў Іспаніі. Ціханоўская падзякавала Іспаніі за падтрымку, у тым ліку за павелічэнне выдачы доўгатэрміновых візаў беларусам і актыўную працу амбасадаркі Марыі Ньевес Бланка Діас.
СТЫПЕНДЫЯ ІМЯ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ
У беларускіх студэнтаў ёсць магчымасць падавацца на стыпендыю імя Святланы Ціханоўскай, якая была заснаваная летась аўстрыйскім універсітэтам MCI. Пад патранажам Ціханоўскай студэнты могуць разлічваць на спрашчэнне працэсу паступлення і фінансавую падтрымку. Адна з першых уладальніцаў Стыпендыі, Аляксандра Пушкіна, распавяла пра стыпендыю і навучанне па праграме MSI.
СЯМ’Я ПАСЛЯ РАЗЛУКІ: ПРАКТЫЧНЫЯ КРОКІ ДЛЯ БЫЛЫХ ЗНЯВОЛЕНЫХ
Вольга Такарчук, беларуская блогера і былая палітзняволеная, падзялілася практычнымі парадамі, як размаўляць з дзецьмі пасля выхаду з турмы. У відэа яна распавяла, што рабіць, каб наладзіць даверныя адносіны, вярнуць цеплыню зносінаў і як дапамагчы дзецям адчуць, што вы зноў адна сям’я.
НОВАЯ ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА «БЕЛСАТ»
Аліна Коўшык прызначана галоўнай рэдактаркай тэлеканала «Белсат» і пакідае Аб’яднаны Пераходны Кабінет. Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета працягне працу. Выконваць абавязкі прадстаўніка будзе намеснік Аліны Коўшык Павел Баркоўскі, пакуль не прызначаны новы прадстаўнік ці прадстаўніца. Святлана Ціханоўская прывітала прызначэнне Аліны Коўшык на новую пасаду: «Я шчыра віншую Аліну Коўшык з новым прызначэннем. Упэўненая, што яе праца на новай пасадзе ўзмоцніць «Белсат» і прынясе карысць нашай агульнай справе».
ПРА БЕЛАРУСКУЮ ІДЭНТЫЧНАСЦЬ
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв’ю Еўрарадыё падзяліўся думкамі пра беларускую ідэнтычнасць і шляхі яе захавання. Ён лічыць, што цяпер найлепшы момант для абмеркавання нацыянальнай ідэі, якая дапамагае зразумець, што аб’ядноўвае беларусаў і пазіцыянуе краіну ў свеце.
МЕДЫЯ
БелСАТ (Беларусь), DW (Міжнароднае), БелСАТ (Беларусь), Sveriges Radio (Швецыя), Voxpot (Чэхія), Inews (Вялікабрытанія), archive.ph (Міжнароднае).