• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Праект пастанаўлення аб падліку галасоў на выбарах

    Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык прадставіў праект пастанаўлення аб тым, як можа быць арганізаваны падлік галасоў на новых выбарах прэзідэнта Беларусі.

    Вы можаце запампаваць у фармаце pdf праект пастанаўлення аб падліку галасоў, а таксама прыклад пратакола для ўчастковых камісій.

    Далей прыведзены ўвесь тэкст праекта цалкам. Праект выстаўлены на грамадскае абмеркаванне – і вы можаце пракаментаваць яго на гэтай старонцы ніжэй ці напісаць на пошту elections@tsikhanouskaya.org.

    ПРАЕКТ Пастанаўлення

    Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

    Аб растлумачэнні прымянення палажэнняў Выбарчага
    кодэкса Рэспублікі Беларусь аб парадку падліку галасоў
    на ўчастку для галасавання пры правядзенні выбараў
    Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе

    У адпаведнасці з пунктам 3 часткі першага артыкула 33 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – Выбарчы кодэкс), у мэтах аднолькавага прымянення палажэнняў артыкула 55 Выбарчага кодэкса, якія прадугледжваюць парадак падліку галасоў на ўчастку для галасавання пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей – Цэнтральная камісія) ПАСТАНАЎЛЯЕ:

    Растлумачыць, што:

    1. Падлік галасоў праводзіцца адкрыта і публічна членамі ўчастковай выбарчай камісіі (далей – камісіі) у памяшканні, у якім праводзілася галасаванне.
    2. Працэдура падліку галасоў пачынаецца адразу пасля завяршэння галасавання і закрыцця ўчастка і праводзіцца непасрэдна членамі ўчастковай камісіі без перапынку да атрымання вынікаў галасавання.
    3. Месца, дзе праводзіцца падлік камісіяй, павінна быць абсталяванае такім чынам, каб забяспечыць агляд усіх дзеянняў членаў камісіі і ўтрымання ўсіх бюлетэняў для ўсіх прысутных асоб, уключаючы назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання.
    4. Назіральнікі і іншыя асобы, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання, могуць свабодна перамяшчацца ў памяшканні ўчастка для галасавання.
    5. Усе крокі падліку галасоў ажыццяўляюцца ў паслядоўнасці, апісанай у дадзеным пастанаўленні. Падлік галасоў па розных выбарчых працэсах (выбарах, рэферэндумах) праводзіцца асобна і ў паслядоўнасці, вызначанай асобным пастанаўленнем. Члены камісій калегіяльна вызначаюць адказных за выкананне вызначаных дадзеным пастанаўленнем працэдур падліку галасоў, калі іншае не вызначана дадзеным пастанаўленнем.
    6. Пры падліку выкарыстоўваецца павялічаная копія пратакола, якая размяшчаецца такім чынам, каб забяспечыць яе агляд для ўсіх асоб, прысутных пры падліку, уключаючы назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права прысутнічаць у памяшканні для галасавання. Даныя ў павялічаную копію ўносяцца сакратаром камісіі. Неабходныя змены ўносяцца ў павялічаную копію шляхам закрэслівання першапачатковых даных і ўнясення ўдакладненых даных у той жа радок павялічанай копіі пратакола.
    7. Перад распячатваннем скрынь для галасавання адным з членаў камісіі абвяшчаецца колькасць бюлетэняў, атрыманых камісіяй, якая ўносіцца ў радок 1 павялічанай копіі пратакола, услых ажыццяўляецца падлік і абвяшчаецца колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў, якая ўносіцца ў радок 2 павялічанай копіі пратакола. Нявыкарыстаныя бюлетэні потым пагашаюцца шляхам абрэзкі іх левых верхніх вуглоў і складваюцца ў пакеты, на якіх надпісваецца нумар участка і змяшчаецца надпіс «нявыкарыстаныя бюлетэні». Пакеты размяшчаюцца такім чынам, каб забяспечыць іх агляд для ўсіх асоб, прысутных пры падліку, уключаючы назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання.
    8. Адным з членаў камісіі ўслых ажыццяўляецца падлік і аб’яўляецца колькасць сапсаваных бюлетэняў, якая ўносіцца ў радок 3 павялічанай копіі пратакола. Сапсаваныя бюлетэні складваюцца ў пакеты, на якіх надпісваецца нумар участка і замяшчаецца надпіс «сапсаваныя бюлетэні». Пакеты размяшчаюцца такім чынам, каб забяспечыць іх агляд для ўсіх асоб, прысутных пры падліку, уключаючы назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання.
    9. На падставе спісаў выбаршчыкаў услых аб’яўляецца і ўносіцца ў радок 4 павялічанай копіі пратакола агульная колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, а таксама асобна аб’яўляецца і ўносіцца ў радок 4.1 павялічанай копіі пратакола колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спіс выбаршчыкаў у дзень галасавання.
    10. Прызначаныя члены камісіі вызначаюць колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, шляхам падліку подпісаў выбаршчыкаў у спісах выбаршчыкаў і ўкладных лістах. Колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, аб’яўляецца ўслых і ўносіцца ў радок 5 павялічанай копіі пратакола. У радок 5.1 павялічанай копіі пратакола ўносіцца колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, атрыманая шляхам падсумавання даных аб колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні цягам кожнага дня датэрміновага галасавання, устаноўленых на падставе пратаколаў па кожным дні датэрміновага галасавання, даныя з якіх уносяцца ў асобныя падпункты радка 5.1. У радок 5.2 павялічанай копіі пратакола ўносіцца колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні па месцы знаходжання, устаноўленая шляхам падліку подпісаў ва ўкладным лісце, складзеным для галасавання па месцы знаходжання. У радок 5.3 павялічанай копіі пратакола ўносіцца колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання, устаноўленая шляхам падліку подпісаў у спісе выбаршчыкаў за выключэннем подпісаў тых выбаршчыкаў, якія прагаласавалі падчас датэрміновага галасавання і чые імёны былі пазначаныя ў спісах выбаршчыкаў адпаведным чынам.
    11. Уносіць змены ў спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і ўкладныя лісты пасля закрыцця ўчастка забараняецца.
    12. Перад распячатваннем скрынь для галасавання члены камісіі і назіральнікі пераконваюцца ў цэласнасці апячатвання (пламбіравання), а таксама саміх скрынь для датэрміновага галасавання, пераносных скрынь, якія выкарыстоўваліся па месцы знаходжання выбаршчыкаў, скрынь для галасавання, якія ў дзень выбараў знаходзіліся ў памяшканні ўчастка для галасавання.
    13. Распячатванне скрынь для галасавання ажыццяўляецца па чарзе: спачатку падлічваецца, аб’яўляецца ўслых і ўносіцца ў радок 6.1 павялічанай копіі пратакола колькасць бюлетэняў, якія знаходзіліся ў скрыні для галасавання, што выкарыстоўвалася пры датэрміновым галасаванні, потым падлічваецца, аб’яўляецца ўслых і ўносіцца ў радок 6.2 павялічанай копіі пратакола колькасць бюлетэняў, якія знаходзіліся ў пераносных скрынях, што выкарыстоўваліся пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, і пасля гэтага падлічваецца, аб’яўляецца ўслых і ўносіцца ў радок 6.3 павялічанай копіі пратакола колькасць бюлетэняў, вынятых са скрынь для галасавання, што знаходзіліся ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання. У радок 6 павялічанай копіі пратакола ўносіцца агульная колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для галасавання, атрыманая падсумаваннем лікаў у радках 6.1, 6.2, 6.3 павялічанай копіі пратакола. Змест бюлетэняў на дадзеным этапе не абвяшчаецца.
    14. Пасля выканання крокаў у пп. 7-13 дадзенага пастанаўлення сакратаром камісіі ажыццяўляецца праверка наступных Кантрольных Суадносін:

    14.1 Праверка Кантрольных Суадносін А ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку, унесенага ў радок 1 павялічанай копіі пратакола з сумай лікаў, унесеных у радок 2, радок 3, радок 6 павялічанай копіі пратакола. Такім чынам праводзіцца праверка ўліку ўсіх бюлетэняў, атрыманых выбарчай камісіяй. Калі ўстаноўлена разыходжанне пры параўнанні лікаў, то спачатку праводзіцца пералік нявыкарыстаных і сапсаваных бюлетэняў і ў павялічаную копію пратакола ўносяцца неабходныя змены. Калі разыходжанне не ліквідаванае пасля пераліку, то праводзіцца пералік бюлетэняў, якія знаходзіліся ў скрыні для галасавання, што выкарыстоўвалася пры датэрміновым галасаванні, бюлетэняў, якія знаходзіліся ў пераносных скрынях, што выкарыстоўваліся пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, і бюлетэняў, вынятых са скрынь для галасавання, што знаходзіліся ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання, і ў павялічаную копію пратакола ўносяцца неабходныя змены. Калі пасля пераліку бюлетэняў сума лікаў, унесеных у радок 2, радок 3 і радок 6 павялічанай копіі пратакола, не роўна ліку ў радку 1 павялічанай копіі пратакола, участковая выбарчая камісія складае адпаведны акт, які дадае да пратакола, і ўносіць даныя аб разыходжанні ў спецыяльныя радкі пратакола: у радок 8 «Колькасць згубленых выбарчых бюлетэняў» і радок 9 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, не ўлічаных пры атрыманні».

    14.2 Праверка Кантрольных Суадносін Б1 ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку ў радку 5.1 павялічанай копіі пратакола з лікам у радку 6.1 павялічанай копіі пратакола. Калі пры параўнанні лікаў устаноўлена разыходжанне, то праводзіцца пералік бюлетэняў, якія знаходзіліся ў скрыні для галасавання, што выкарыстоўвалася пры датэрміновым галасаванні, і ў павялічаную копію пратакола ўносяцца неабходныя змены. Калі разыходжанне не ліквідаванае пасля пераліку, участковая выбарчая камісія складае адпаведны акт, які дадае да пратакола, і ўносіць даныя аб разыходжанні ў спецыяльныя радкі пратакола: у радок 10 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, страчаных пры датэрміновым галасаванні» і ў радок 11 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, не ўлічаных пры выдачы ў ходзе датэрміновага галасавання».

    14.3 Праверка Кантрольных Суадносін Б1 ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку ў радку 5.2 павялічанай копіі пратакола з лікам у радку 6.2 павялічанай копіі пратакола. Калі пры параўнанні лікаў устаноўлена разыходжанне, то праводзіцца пералік бюлетэняў, якія знаходзіліся ў пераносных скрынях, што выкарыстоўваліся пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, і ў павялічаную копію пратакола ўносяцца неабходныя змены. Калі разыходжанне не ліквідавана пасля пераліку, участковая выбарчая камісія складае адпаведны акт, які дадае да пратакола, і ўносіць даныя аб разыходжанні ў спецыяльныя радкі пратакола: у радок 12 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, страчаных пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў» і ў радок 13 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, не ўлічаных пры выдачы ў ходзе галасавання месцы знаходжання выбаршчыкаў».

    14.4 Праверка Кантрольных Суадносін Б3 ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку ў радку 5.3 павялічанай копіі пратакола з лікам у радку 6.3 павялічанай копіі пратакола. Калі пры параўнанні лікаў устаноўлена разыходжанне, то праводзіцца пералік бюлетэняў, вынятых са скрынь для галасавання, што знаходзіліся ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання, і ў павялічаную копію пратакола ўносяцца неабходныя змены. Калі разыходжанне не ліквідавана пасля пераліку, участковая выбарчая камісія складае адпаведны акт, які дадае да пратакола, і ўносіць даныя аб разыходжанні ў спецыяльныя радкі пратакола: у радок 14 «Колькасць выбарчых бюлетэняў, страчаных пры галасаванні ў памяшканні ўчастка для галасавання» і ў радок 15  «Колькасць выбарчых бюлетэняў, не ўлічаных пры выдачы ў ходзе галасавання ў памяшканні ўчастка для галасавання».

    14.5 Праверка Кантрольных Суадносін Б ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку ў радку 5 павялічанай копіі пратакола з лікам у радку 6 павялічанай копіі пратакола. Такім чынам параўноўваецца колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, з колькасцю бюлетэняў, знойдзеных ва ўсіх скрыняў. Калі лік у радку 6 павялічанай копіі пратакола адрозны ад ліку ў радку 5 павялічанай копіі пратакола, выбарчая камісія складае адпаведны акт, які дадае да пратакола.

    1. Пасля завяршэння праверкі Кантрольных Суадносін А, Б1, Б2, Б3, Б, пакеты з нявыкарыстанымі і сапсаванымі бюлетэнямі апячатваюцца. На пакетах надпісваецца колькасць нявыкарыстаных і сапсаваных бюлетэняў. Пакеты падпісваюцца старшынёй і сакратаром камісіі ў прысутнасці членаў камісіі, назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання.
    2. Бюлетэні з розных скрынь для галасавання змешваюцца да пачатку вызначэння волевыяўлення выбаршчыкаў.
    3. Бюлетэні раскладваюцца па месцах, абазначаных таблічкамі, на якіх з абодвух бакоў указаны ПІБ кандыдатаў, а таксама таблічкай з надпісам «супраць усіх» і таблічкай з надпісам «несапраўдныя». Пры раскладанні бюлетэняў адзін чалец выбарчай камісіі паказвае кожны бюлетэнь такім чынам, каб змест бюлетэня быў бачны ўсім членам камісіі, назіральнікам і іншым асобам, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання, аб’яўляючы пры гэтым услых вынік волевыяўлення выбаршчыка. У выпадку ўзнікнення сумневаў наконт волевыяўлення выбаршчыка рашэнне выносіцца шляхам галасавання членамі камісіі. Пры гэтым кожны член камісіі мае права ўважліва азнаёміцца са зместам бюлетэня.
    4. Прызнаюцца несапраўднымі бюлетэні неўстаноўленага ўзору, бюлетэні, на адваротным баку якіх адсутнічаюць подпісы асоб, якія ўваходзяць у склад камісіі, бюлетэні, адзнака ў якіх не дазваляе адназначна вызначыць волевыяўленне выбаршчыка. У выпадку з’яўлення сумневаў у сапраўднасці бюлетэня пытанне вырашаецца камісіяй шляхам галасавання простай большасцю.
    5. Пасля таго, як бюлетэні раскладзеныя, адзін з членаў камісіі па чарзе ажыццяўляе ўслых падлік галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата. Падчас падліку любы член камісіі мае права пераправерыць ці пералічыць адпаведныя выбарчыя бюлетэні. Вынік падліку галасоў выбаршчыкаў, пададзеных за кандыдата, пададзеных супраць усіх кандыдатаў, і бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, аб’яўляецца ўслых і заносіцца ў адпаведныя падпункты радка 7 павялічанай копіі пратакола. У радок 7 павялічанай копіі пратакола ўносіцца сума лікаў, унесеных ва ўсе падпункты радка 7 павялічанай копіі пратакола.
    6. Пасля выканання крокаў у п. 19 дадзенага пастанаўлення сакратаром камісіі ажыццяўляецца праверка Кантрольных Суадносін В:

    20.1 Праверка Кантрольных Суадносін В ажыццяўляецца шляхам параўнання ліку, унесенага ў радок 6 павялічанай копіі пратакола з лікам, унесеным у радок 7 павялічанай копіі пратакола. Такім чынам ажыццяўляецца праверка ці адпавядае сумарная колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для галасавання, суме бюлетэняў, пададзеных за ўсіх кандыдатаў, пададзеных супраць усіх кандыдатаў, і бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі. Калі пры параўнанні лікаў устаноўлена разыходжанне, то праводзіцца пералік бюлетэняў, пададзеных за ўсіх кандыдатаў, і бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі. Калі разыходжанне не ліквідаванае пасля пераліку, участковая выбарчая камісія складае акт, які дадае да пратакола, з указаннем устаноўленай прычыны неадпаведнасці, які падпісваецца прысутнымі членамі камісіі і замацоўваецца пячаццю. Акт таксама маюць права падпісаць давераныя асобы кандыдатаў і назіральнікі.

    1. Пасля завяршэння падліку галасоў праводзіцца пасяджэнне камісіі, на якім устанаўліваюцца і заносяцца ў пратакол вынікі падліку галасоў. У адпаведных радках пратакола ўказваецца (1) колькасць бюлетэняў, атрыманых камісіяй; (2) колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў; (3) колькасць сапсаваных бюлетэняў; (4) агульная колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спісы выбаршчыкаў, у тым ліку (4.1) колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спіс выбаршчыкаў у дзень галасавання; (5) колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, у тым ліку (5.1) колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні ў ходзе датэрміновага галасавання, з унясеннем даных па кожным дні датэрміновага галасавання ў адпаведныя падпункты радка 5.1, (5.2) колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні ў ходзе галасавання па месцы знаходжання, (5.3) колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні ў ходзе галасавання ў памяшканні для галасавання; (6) колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для галасавання, у тым ліку (6.1) колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для датэрміновага галасавання, (6.2) колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для галасавання па месцы знаходжання, (6.3) колькасць бюлетэняў, выкарыстаных для галасавання ў памяшканні для галасавання; (7) агульная колькасць галасоў пададзеных за ўсіх кандыдатаў, супраць усіх кандыдатаў, бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, у тым ліку колькасць галасоў, пададзеных за кожнага кандыдата, з унясеннем даных у адпаведныя падпункты радка 7, колькасць галасоў, пададзеных супраць усіх кандыдатаў, з унясеннем даных у перадапошні падпункт радка 7, колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, з унясеннем даных у апошні падпункт радка 7.
    2. Не дапускаецца запаўненне пратакола алоўкам і ўнясенне ў яго любых выпраўленняў. Пратакол падпісваецца старшынёй, намеснікам старшыні, сакратаром і членамі камісіі. На пасяджэнні камісіі разглядаюцца, калі маюцца, асобныя меркаванні членаў камісіі, а таксама скаргі і заявы аб парушэннях пры галасаванні ці падліку галасоў.
    3. Пасля завяршэння афармлення пратакола бюлетэні, пададзеныя за кандыдатаў, супраць усіх кандыдатаў, прызнаныя несапраўднымі, упакоўваюцца ў асобныя пакеты, на якіх надпісваецца нумар участка і размяшчаецца надпіс з ПІБ кандыдата, надпіс «супраць усіх» і надпіс «несапраўдныя бюлетэні» адпаведна, а таксама надпісваецца адпаведная колькасць бюлетэняў, пададзеных за кожнага кандыдата, супраць усіх кандыдатаў, прызнаных несапраўднымі. Пакеты апячатваюцца і падпісваюцца старшынёй камісіі і сакратаром камісіі ў прысутнасці членаў камісіі, назіральнікаў і іншых асоб, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання.
    4. Копія пратакола камісіі пасля яго падпісання неадкладна вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў месцы, устаноўленым камісіяй, якое знаходзіцца ў кругласутачным доступе для назіральнікаў і выбаршчыкаў. Па патрабаванні назіральніка камісія абавязаная выдаць яму засведчаныя подпісамі старшыні і сакратара камісіі копіі пратаколаў за кожны дзень датэрміновага галасавання і пратакола аб выніках галасавання.

    Апошнія навіны