У эфіры Еўрарадыё дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт ABBA Алесь Аляхновіч распавёў пра эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі цяпер і ў 2024 годзе. Таксама ён адказаў на пытанне, як у новай Беларусі будуць выплачвацца крэдыты, набраныя рэжымам.
«Нашая залежнасць ад Расіі крытычная. Па сутнасці, Расія мае ўсе рычагі ўплыву, каб шантажаваць Беларусь і Лукашэнку сёння. У будучыні, калі ў краіне з’явяцца дэмакратычныя ўлады, у нас будзе кароткае акно магчымасцяў, каб вельмі хутка пераарыентавацца на іншыя краіны – і зрабіць гэтую залежнасць не такой татальнай», – адзначыў Аляхновіч.
Таксама дарадца Ціханоўскай патлумачыў, чаму такія падзеі, як Стратэгічны дыялог, сустрэчы з Міжнародным Валютным Фондам і Сусветным Банкам карысны для будучыні Беларусі і яе эканомікі:
«Такія ініцыятывы патрэбныя, каб разумець, як хутка правесці канферэнцыю крэдытораў, якія перафінансуюць Беларусь. Цяпер асноўным крэдыторам Лукашэнкі з’яўляецца Расія. У новай Беларусі можна будзе правесці канферэнцыю крэдытораў, каб іншыя заходнія краіны дапамаглі нам выплаціць крэдыты Расіі, але толькі тыя, якія мы мусім выплаціць. Тыя, што ўзяў Лукашэнка за апошнія гады – яны нелегітымныя. Не ўсе, але частку трэба будзе сплаціць».