Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, правёў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі ўрада, парламента і грамадзянскай супольнасці Аргенціны. Сустрэчы прайшлі пры падтрымцы амбасады Польшчы, якая аказала значную дапамогу ў арганізацыі паездкі.
У межах візіту прайшлі перамовы з:
➖ Віцэ-міністрам абароны;
➖ Кіраўніком камітэта па замежных справах парламента Фернандам Адольфам Іглесіасам;
➖ Прадстаўнікамі міністэрства ўнутранай бяспекі;
➖ Аргенцінскай радай па замежных справах;
➖ Праваабаронцамі арганізацыі CADAL.
Падчас візіту былі дасягнутыя наступныя дамоўленасці:
- Разгляд магчымасці прыняцця спецыяльнай дырэктывы, якая дазволіць беларусам атрымліваць від на жыхарства і пашпарты без патрабавання дадатковых дакументаў ад беларускіх уладаў.
- Гарантыі бяспекі: Аргенціна не будзе выдаваць або экстрадаваць беларускіх палітычных уцекачоў і застанецца бяспечнай краінай для іх.
- Абмеркаванне планаў на супольнае мерапрыемства, прысвечанае барацьбе за дэмакратыю ў Лацінскай Амерыцы (Куба, Венесуэла) і Усходняй Еўропе (Беларусь), з мэтай абмену досведам і падкрэслівання падтрымкі дэмакратыі з боку Аргенціны.
- Важным вынікам стала таксама пагадненне аб супрацоўніцтве на міжнародным узроўні — у рамках IPU, Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаваў (OAS) і Рады ААН па правах чалавека.
Таксама дарадца Ціханоўскай сустрэўся з беларускай дыяспарай, якая актыўна прадстаўлена ў Аргенціне. Увага падчас размоваў, перш за ўсё, звярталася на праблемы беларусаў з дакументамі — у тым ліку з апастыляваннем і атрыманнем пашпартоў.
Франак Вячорка:
«Гэты візіт можа стаць пачаткам новага этапу ў адносінах паміж беларускай дэмакратычнай супольнасцю і краінамі Лацінскай Амерыкі, адкрываючы новыя магчымасці для падтрымкі і салідарнасці».