Беларуская сацыялагічная група (БСГ) прадставіла справаздачу пра дынаміку палітычнага пераследу ў Беларусі ў 2025 годзе. Даследаванне паказала, што колькасць новых выпадкаў рэпрэсіяў скарацілася, а тэмп закрыцця грамадскіх арганізацыяў знізіўся. Але гэта не значыць, што ціск рэжыму знізіўся.
У інтэрв’ю «Зеркалу» Генадзь Коршунаў, кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай, адзначае, што рэпрэсіўная машына не спынілася — яна змяніла тактыку: калі рэсурс для масавых закрыццяў арганізацыяў амаль вычарпаны, акцэнт пераносіцца на індывідуальны пераслед:
«Вылучаецца шэраг сфераў ці напрамкаў, у якіх рэпрэсіі не тое што дасягнулі піку — яны вычарпалі магчымасць для росту. Прастора арганізацыяў грамадзянскай супольнасці закатаная ў асфальт — знішчаць і рэпрэсаваць там ужо практычна няма каго. Таксама, відаць, што да такога піку і структурнага ліміту наблізіўся напрамак «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Больш за тое, калі адны паказчыкі ідуць уніз, іншыя б’юць гістарычныя рэкорды. Сістэма ссунула фокус з арганізацыяў на канкрэтных людзей. І гэта сапраўды відаць па тым, як не згасае рост ціску ў выглядзе прызнання звычайных грамадзян «экстрэмістамі» або «тэрарыстамі». Груба кажучы, нелаяльных у Беларусі шмат — будзем іх душыць.
У 2020–2023 гадах праваабаронцы яшчэ неяк маглі збіраць звесткі, якія паказвалі карціну паўнавартасна. Але пасля таго як улады ў 2024 годзе пачалі свядома хаваць статыстыку рэпрэсіяў, стала складана. Крыніцаў інфармацыі ў праваабаронцаў стала менш, і выбудоўваць ясную карціну таго, што адбываецца, становіцца ўсё цяжэй. Але застаюцца адкрытыя звесткі: гэта спісы «экстрэмістаў», «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх матэрыялаў», якія дагэтуль улады яшчэ публікуюць».
