Святлана Ціханоўская наведала выставу «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Экспазіцыя распавядае пра інструмент, які амаль знік у сярэдзіне ХХ стагоддзя, але вярнуўся і стаў важным нацыянальным сімвалам Беларусі. Дуда — гэта частка нашай беларускай культуры, якая яднае нас з еўрапейскай культурнай традыцыяй і падкрэслівае нашую гістарычную сувязь з Еўропай.
На выставе прадстаўлены інструменты, архіўныя матэрыялы, мапы і інтэрактыўная «Дударская майстэрня». Асабліва важна, што такія беларускія культурныя падзеі адбываюцца ў межах «Ночы музеяў» у Варшаве, робячы беларускую культуру бачнай у міжнародным кантэксце. Праект рэалізаваны пры падтрымцы горада Варшавы.
Беларуская лідарка далучылася да экскурсіі, якую правёў аўтар выставы і даследчык дударскай традыцыі Яўген Барышнікаў, і сустрэлася з камандай праекта.
Святлана Ціханоўская:
«Гэта вельмі важная праца — вяртаць і асэнсоўваць нашыя культурныя сімвалы. Праз такія выставы мы лепш разумеем сваю гісторыю і тое, хто мы ёсць. Вельмі ўдзячная ўсім, хто ўкладвае ў гэта час і сілы, хто захоўвае і развівае беларускую культуру, робячы яе жывой і бачнай сёння».
Аўтар выставы — Яўген Барышнікаў. Выстава праходзіць у Музеі Вольнай Беларусі.
