Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала патрабаванне Лукашэнкі да навукоўцаў быць галоўным прыхільнікам афіцыйнай палітыкі рэжыму.
«Некалькі дзён таму на сустрэчы з працоўнай групай па аналізе дзейнасці Акадэміі Навук Лукашэнка заявіў: «Грамадзянін з высокім званнем навукоўца павінен быць самым актыўным правадніком дзяржаўнай пазіцыі».
Тэза аб тым, што навукоўцы павінныя працаваць у інтарэсах дзяржавы, можа здацца пераканаўчай. Аднак трэба задацца пытаннем, што разумеецца пад дзяржавай. Дзяржава можа разумецца як дзяржаўны апарат. У нашым выпадку – гэта вертыкаль улады, на якой трымаецца дыктатарскі рэжым. Лукашэнка цалкам мог бы вымавіць вядомую фразу «дзяржава – гэта Я». Адсюль і трактоўка ім грамадзянскага абавязку ў тэрмінах лаяльнасці і падтрымкі пазіцыі рэжыму.
Але дзяржава можа разумецца і ў шырэйшым сэнсе: як сінонім краіны, як res publica. Лукашэнка і яго прапагандысты часта спекулююць на гэтай двухзначнасці слова «дзяржава». Заклікаючы нешта рабіць у інтарэсах краіны, яны сапраўды дамагаюцца падтрымкі для дыктатуры. Аднак інтарэсы канкрэтнага рэжыму і інтарэсы краіны могуць не супадаць – асабліва, калі гэты рэжым узурпатарскі ці антыгуманны.
У Трэцім Рэйху было мноства навукоўцаў, якія падтрымлівалі і «навукова абгрунтоўвалі» палітыку Гітлера. Аднак былі і тыя, хто крытыкаваў нацызм у інтарэсах іншай будучыні для сваёй краіны. Многія апаненты рэжыму (у тым ліку – навукоўцы з сусветным імем) загінулі, значная частка – вымушана эмігравала.
Сёння можна знайсці мноства публікацый беларускіх навукоўцаў, якія не ўяўляюць ніякай навуковай каштоўнасці, выконваючы выключна прапагандысцкія задачы. Адначасова з гэтым сотні выкладчыкаў страцілі працу з-за дэмакратычных поглядаў. Многія кваліфікаваныя навукоўцаў вымушаны былі пакінуць краіну. Многія былі асуджаныя, адбылі або працягваюць адбываць незаконна прызначаныя ім тэрміны: сацыёлаг Юрый Бубноў, біёлаг Алег Давыдзенка, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, лінгвіст Наталля Дуліна, лінгвіст Наталля Жлоба, палітолаг Валерыя Касцюгова, палітолаг Таццяна Кузіна, філосаф Уладзімір Мацкевіч – гэты спіс далёка не поўны.
Беларуская навука сапраўды знаходзіцца ў глыбокім крызісе. І першым крокам для яго пераадолення павінна стаць вызваленне ўсіх навукоўцаў і выкладчыкаў, асуджаных па палітычных прычынах.