Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова ўзяла ўдзел у сустрэчы старэйшых службовых асобаў па пытанні дапамогі Еўрасаюза для дэмакратычнай Беларусі. Падчас дыялогу актуалізаваліся пытанні, што датычацца розных аспектаў жыцця беларусаў: правоў чалавека, адукацыі і асветы, культуры. Асобна ішла гаворка пра метады паляпшэння становішча палітвязняў, іх вызвалення.
Дарадца выступіла перад удзельнікамі з прамовай, дзе акцэнтавала ўвагу на неабходнасці захавання і стварэння стыпендыяльных праграмаў, якія дазваляюць беларускай моладзі вучыцца ў еўрапейскіх ВНУ.
Таксама Таццяна Шчытцова адзначыла: дэградацыя сацыягуманітарных ведаў у Беларусі непазбежная – з-за ідэалагічнага кантролю і ўплыву прарасійскай прапаганды.
Вось асноўныя тэзісы, на якіх зрабіла акцэнт дарадца Святланы Ціханоўскай:
📌 «Неабходна падтрымліваць незалежную беларускую навуку. Акрамя індывідуальнай дапамогі рэпрэсаваным навукоўцам і выкладчыкам, важна падтрымліваць развіццё супрацоўніцтва паміж навукоўцамі з Беларусі і навукоўцамі з іншых краінаў».
📌 «Патрэбныя супольныя даследчыя праекты, якія дапамогуць скарэктаваць скажонае ўяўленне пра Беларусь у заходніх краінах праз уплыў прарасійскіх імперскіх наратываў».
📌 «Важна, каб у навуковых дыскусіях, якія датычацца еўрапейскага рэгіёну, была прадстаўленая і беларуская перспектыва. Лепшая форма падтрымкі ў сферы навукі – гэта міжнароднае супрацоўніцтва».